Сам тэкст указу пакуль не апублікаваны, аднак на яго спасылаецца Міністэрства інфармацыі ў сваім паведамленьні.
Як выглядае, указ мае на мэце, сярод іншага, «пакараць» краіны і бізнэсы, якія далучыліся ці далучацца да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. Пацярпець могуць і грамадзяне Беларусі, якія жывуць і працуюць у замежжы.
Так, у адпаведнасьці з указам урад атрымлівае права прыпыняць міжнародныя пагадненьні аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня зь «недружалюбнымі» краінамі.
Вынікам такога кроку можа быць прыцягненьне да адказнасьці грамадзянаў Беларусі, якія стала ці часова працуюць у краінах, зь якімі такое пагадненьне падпісанае (іх больш як 70) і заплацілі ў іх падаткі, што пазбавіла іх абавязку плаціць падатак у Беларусі.
Таксама прадугледжваецца, што «ў выпадку ўвядзеньня з боку нядружалюбных краінаў абмежавальных захадаў», накіраваных на замарожваньне інвэстыцыйных праектаў, «Міністэрству фінансаў, банкам-агентам, іншым юрыдычным асобам прадастаўляецца права паводле рашэньня Савету міністраў (яго прэзыдыюму) забясьпечваць выкананьне абавязаньняў перад такімі краінамі ў нацыянальнай валюце» (адмова краіны расплачвацца ў валюце, прадугледжанай пагадненьнямі, фактычна азначае тэхнічны дэфолт).