Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што 17 сакавіка Чэчку знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску.
«Сьледча-апэратыўная група неадкладна выбыла на месца здарэньня. Цяпер праводзіцца агляд, фіксуецца сьледавая карціна, забіраюцца аб’екты, якія маюць значэньне для сьледзтва, — паведамляе СК. — Сьледчым камітэтам разглядаюцца ўсе магчымыя вэрсіі здарэньня, у тым ліку гвалтоўны характар сьмерці».
25-гадовы Эміль Чэчка перайшоў польска-беларускую мяжу 16 сьнежня і, паводле беларускіх уладаў, папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Польскі вайсковец сьцьвярджаў, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля ЧэчкуУ інтэрвію для беларускіх дзяржаўных СМІ Чэчка казаў пра нібыта 240 мігрантаў, забітых на мяжы, і што нібыта ў дзесяці забойствах ён браў удзел асабіста. Гэтыя словы Чэчкі нічым не былі пацьверджаныя.
21 сьнежня Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.
Зьняўся ў прапагандысцкім відэа за дзень да сьмерці
Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі за дзень да сьмерці ў відэа, у якім ён заявіў, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». Сярод іншага ён казаў пра размову з псыхолягам. У кадры таксама зьявіўся Дзьмітрый Белякоў — кіраўнік створанага ўладамі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый цэнтру «Сыстэмная праваабарона».
Белякоў паведаміў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва ад прадстаўленьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгады. Белякоў сказаў таксама, што Чэчка «актыўна сябе знаходзіць у звычайным беларускім цывільным жыцьці».
Хто такі Дзьмітры Белякоў
- Яму 41 год. Паводле сацыяльных сетак, ён скончыў Вайсковую акадэмію па спэцыяльнасьці інжынэр. Актыўныя згадкі пра яго ў прэсе сталі зьяўляцца на працягу пару апошніх гадоў. Свае сацыяльныя сеткі ён таксама стаў весьці параўнальна нядаўна.
-
- Сярод іншых ягоных месцаў працы называецца Міністэрства эканомікі, а таксама «Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтар разьвіцьця», які быў створаны пра Акадэміі навук. Нейкі час ён нават папрацаваў у Пэкіне.
- Белякоў зьяўляецца сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. У ліпені 2020 году стаў першым сакратаром райкаму Цэнтральнага раёну Менску. У гэты час ён супрацоўнічаў з расейскім прапагандысцкім выданьнем «Сонар-2020», мае шчыльныя сувязі зь яго рэдактарам Сямёнам Уралавым. Іх сумесныя здымкі нярэдка зьяўляліся ў сацыяльных сетках.
- У канцы жніўня 2020 году Дзьмітрый Белякоў запусьціў свой праект пад назвай «Інфаспэцназ», дзе ад самага пачатку пачаў жорстка крытыкаваць пратэст беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту. Адначасова браў актыўны ўдзел у аўтапрабегах і іншых мерапрыемствах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.