Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан накіраваў Расеі афіцыйны запыт аб сустрэчы з прадстаўнікамі кампэтэнтных органаў і абмеркаваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
Пра гэта гаворыцца ў заяве пракурора, піша «Голас Амэрыкі».
«Праца пракуратуры адносна сытуацыі ва Ўкраіне заўсёды будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з асноватворнымі прынцыпамі Рымскага статуту, — адзначыў ён. — Мы вядзём сваю работу незалежна, бесстаронна і добрасумленна. Я падкрэсьліў, што хачу ўзаемадзейнічаць з усімі бакамі канфлікту».
«У адпаведнасьці з гэтым падыходам я накіраваў Расейскай Фэдэрацыі афіцыйны запыт для сустрэчы з прадстаўнікамі іх кампэтэнтных органаў і абмеркаваньня бягучай сытуацыі, — падкрэсьліў Хан. — На мой погляд, важна, каб Расейская Фэдэрацыя актыўна ўдзельнічала ў гэтым расьсьледаваньні, і я гатовы сустрэцца зь імі».
Украіна не ўваходзіць у Міжнародны крымінальны суд (МКС), аднак падала дзьве заявы, прызнаўшы юрысдыкцыю суду ў дачыненьні да магчымых злачынстваў, учыненых на тэрыторыі краіны з 21 лістапада 2013 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну прыбыў пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў ГаазеЗ улікам пашырэньня канфлікту Хан 28 лютага заявіў аб намеры ўключыць у працэс расьсьледаваньня і ўсе новыя магчымыя злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю МКС.
Крэмль катэгарычна адпрэчыў словы Хана пра нібыта важкія падставы для справы супраць РФ у сувязі з «ваеннай апэрацыяй» на Ўкраіне. У сераду ў Белым доме прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна спыталі, ці можна называць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ваенным злачынцам. Прэзыдэнт ЗША адказаў: «Так, я думаю, ён ваенны злачынец». Да апошняга часу амэрыканскі прэзыдэнт пазьбягаў выкарыстаньні гэтага тэрміна пры прамых пытаньнях.
Пазьней, на рэгулярным брыфінгу Белага Дома, прэс-сакратар Байдэна Джэн Псакі патлумачыла, што словы прэзыдэнта адлюстроўваюць рэальнасьць.
«Ён гаварыў пра тое, што мы ўсе бачым па тэлевізіі, — пра барбарскія дзеяньні жорсткага дыктатара, які ўварваўся ў іншую краіну», — дадала Псакі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам»Днём раней Сэнат ЗША аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой зьмяшчаецца заклік правесьці расьсьледаваньне меркаваных ваенных злачынстваў, учыненых урадам Расеі і самім Пуціным.
У дакумэнце, які быў унесены на разгляд верхняй палаты сэнатарам-рэспубліканцам Ліндсі Грэмам, рашуча асуджаецца «гвалт, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці», якія, як мяркуецца, зьдзяйсьняюцца расейскімі ўзброенымі сіламі ва Ўкраіне пад кіраўніцтвам Пуціна.
У рэзалюцыі зьмешчаны заклік да Міжнароднага крымінальнага суду расьсьледаваць дзейнасьць Пуціна, чальцоў яго Рады бясьпекі, а таксама камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі на прадмет зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў.
«Гэтыя злачынствы павінны быць расьсьледаваны на прадмет выяўленьня ваенных злачынстваў», — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, кажучы аб дзеяньнях расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.
Рэзалюцыя ня мае сілы закону, аднак адлюстроўвае агульны настрой заканадаўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцамРаней у гэтым месяцы пракурор Міжнароднага крымінальнага суду пачаў расьсьледаваньне магчымых ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці ці генацыду ва Ўкраіне. Пракурор Карым Хан заявіў, што ён пачаў расьсьледаваньне пасьля таго, як з такім патрабаваньнем зьвярнуліся 39 дзяржаў-сяброў.
«Некалькі хвілін таму я апавясьціў прэзыдыюм МУС аб сваім рашэньні неадкладна прыступіць да актыўнага расьсьледаваньня, — заявіў Хан. — Наша праца ў зборы доказаў пачалася».
Хан заявіў, што расьсьледаваньне будзе разглядаць правапарушэньні, учыненыя зь лістапада 2013 году, «такім чынам ахопліваючы любыя мінулыя і цяперашнія заявы аб ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе на любой частцы тэрыторыі Ўкраіны і любой асобай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы разбамбілі Драматычны тэатар у Марыюпалі, нягледзячы на надпісы «Дети». Бомбасховішча вытрымала нападПраваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «злачынствам агрэсіі» ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
«Удары па ахоўных аб’ектах, такіх як лякарні і школы, прымяненьне зброі невыбіральнага дзеяньня, як балістычныя ракеты, а таксама выкарыстаньне забароненай зброі, такой як касэтныя бомбы, могуць кваліфікавацца як ваенныя злачынствы», — заявілі праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дачку трапіў адзін аскепак, а сын быў у аскепках з ног да галавы». Як у Ірпяні загінула цэлая сям’я. ВІДЭАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.