«Украіна атрымала поўную перамогу па справе супраць Расеі ў Міжнародным судзе ААН. Суд абавязаў Расею неадкладна спыніць уварваньне ва Ўкраіну. Пастанова суду зьяўляецца абавязковай для выкананьня Расеяй згодна зь міжнародным правам. Ігнараваньне рашэньня прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі РФ», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў твітэры.
Пазоў супраць Расеі ў сувязі з вайной, якую Масква ад 24 лютага вядзе ва Ўкраіне, Міжнародны суд ААН у Гаазе пачаў разглядаць 7 сакавіка. Пазоў быў пададзены ўжо на другі дзень абстрэлаў і быў прыняты да разгляду ў рэкордна кароткія тэрміны. Украінская дэлегацыя настойвала, што падставу для нападу (абвінавачаньні ў генацыдзе расейскамоўнага насельніцтва на Данбасе) Расея проста выдумала.
«Ніякага генацыду ні на тэрыторыі Данбасу, ні на астатняй тэрыторыі Ўкраіны няма! — падкрэсьліў перад пачаткам пасяджэньня кіраўнік украінскай дэлегацыі Антон Карыневіч. — Гэта мітычны генацыд, і мы павінны даказаць абсурднасьць абвінавачаньняў Расейскай Фэдэрацыі».
Другога сакавіка Генасамблея ААН ухваліла рэзалюцыю з асуджэньнем расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і заклікам да Расеі спыніць ваенныя дзеяньні і вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны. Рэзалюцыю падтрымала 141 дзяржава са 193 чальцоў ААН, супраць прагаласавалі пяць краін — Расея, Беларусь, Сырыя, КНДР і Эрытрэя. Устрымаліся 35 дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Расея акрэсьлілі плян спыненьня вайны, — Financial Times