Пра гэта Свабода даведалася адразу ад некалькіх крыніцаў, якія жывуць у раённым цэнтры.
«Пачалося яшчэ ўсё да рэфэрэндуму. Мясцовыя міліцыянты пачалі спачатку затрымліваць людзей. Прыходзілі дадому з вобшукамі ці выклікалі ў РУУС. Забіралі тэлефоны пад прымусам і пагрозай таго, што адмова будзе расцэнена як непадпарадкаваньне і ў любым выпадку чалавек сядзе на суткі», — расказвае адзін зь мясцовых.
«Б’юць падчас затрыманьня, па дарозе ў РУУС і ў самім пастарунку»
У смартфонах міліцыянты знаходзілі падпіскі на так званыя экстрэмісцкія каналы ці нават самі падпісвалі на іх людзей, каб мець фармальную прычыну для адміністрацыйнай справы, і адпраўлялі ў суд. Прысуджалі штрафы, а некаторым суткі.
Пасьля рэфэрэндуму ў раёне адбыліся дывэрсіі на чыгунцы. У самай гучнай зь іх мясцовыя сілавікі падазраюць стаўпчука Сяргея Глебку, які нібыта падпаліў калоды на рэйках. Паведамляецца таксама пра пашкоджаньне аўтаматыкі каля станцыі Сінява за Стоўпцамі. Пасьля гэтага рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў сталі больш жорсткімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядома«Прыехаў ГУБАЗіК на двух бусіках і пачаў тэрарызаваць мясцовае насельніцтва. Наш мясцовы „экстрэмісцкі“ канал піша, што лічба затрыманых або асуджаных сягае прынамсі 35 чалавек. З дапамогай СОБРа, АМАПу яны ўломваюцца ў дамы, праводзяць вобшукі і затрымліваюць людзей, жорстка затрымліваюць. Б’юць падчас затрыманьня, па дарозе ў РУУС і ў самім пастарунку», — расказвае іншы жыхар Стоўпцаў.
Гэта пацьвярджаецца адразу некалькімі крыніцамі. Але адкрыта людзі баяцца пра гэта расказваць, каб ня мець яшчэ большых клопатаў. З журналістамі пацярпелыя наўрад ці жадаюць размаўляць нават на ўмовах ананімнасьці. Як сьцьвярджаюць мясцовыя, міліцыянты і пракуратура ніяк не рэагуюць на катаваньні ў РУУС.
«Судзяць нават за падпіску на ўкраінскіх рэстаратараў»
«Сыстэмы нейкай у іх няма. Самае верагодная тэорыя — ідуць па сьпісе падпісчыкаў на канал „Столбцы Разам“. А судзяць нават ня ў Стоўпцах, хоць суд побач зь міліцыяй. Суды цяпер выязныя. Відаць, дзеля таго, каб не паказаць родзічам саміх затрыманых, каб тыя ня ўбачылі сьляды пабояў. Судзяць за розную лухту. Напрыклад, нават за падпіску на ўкраінскіх рэстаратараў», — кажа жыхар Стоўпцаў.
Пасьля выбараў 2020 году ў Стоўпцах праходзілі масавыя акцыі пратэсту, у якіх удзельнічалі сотні людзей. Спачатку мясцовыя ўлады не заміналі, нават дазвалялі іх у цэнтры гораду. Старшыня райвыканкаму Дзяніс Калясень нават запрашаў дэлегацыю мясцовых апазыцыянэраў на сустрэчу, у якой бралі ўдзел былыя ўжо начальнік міліцыі і пракурор. Апанэнтам улады раілі ўносіць прапановы па разьвіцьці раёну і заклікалі да дыялёгу. Але ўжо празь некалькі тыдняў пратэстоўцаў пачалі судзіць, а супраць некаторых удзельнікаў сустрэчы ў райвыканкаме завялі крымінальныя справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Начальнік міліцыі казаў: хадзіце са сьцягамі. У выканкам запрашалі на дыялёг». Былы кіраўнік штабу Чэрачня пакінуў Беларусь