Расейскія авіякампаніі працягваюць палёты без сэртыфікатаў тэхнічнай гатоўнасьці самалётаў

Самалёты ў аэрапорце Краснаярску падчас пандэміі каранавірусу COVID-19.

Большасьць расейскіх авіякампаній працягнулі палёты пасьля таго, як улады Бэрмудзкіх астравоў прыпынілі дзеяньне сэртыфікатаў лётнай прыдатнасьці іхнага авіяпарку.

У астраўной дзяржаве зарэгістравана ня менш як 75 працэнтаў флёту расейскіх перавозчыкаў. Пасьля адкліканьня сэртыфікатаў палёты павінны былі быць забароненыя: за іх бясьпеку больш не адказвае ніводная краіна.

Управа цывільнай авіяцыі Бэрмудзкіх астравоў прыпыніла дзеяньне сэртыфікатаў расейскіх перавозчыкаў 12 сакавіка. У паведамленьні арганізацыі гаварылася, што санкцыйныя меры супраць Расеі абмежавалі магчымасьці наглядаць за бясьпекай і рэгулятар ня можа «ўпэўнена сьцьвярджаць, што гэтыя самалёты прыдатныя для палётаў», расказвае газэта «Коммерсантъ».

Палёты суднаў без сэртыфіката прыдатнасьці забароненыя расейскім заканадаўствам. Такім чынам, усе рэйсы самалётаў, зарэгістраваных на Бэрмудах, фактычна нелегальныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз санкцыі Расея пазбавілася доступу да паловы сваіх золатавалютных рэзэрваў

Аднак расейскія авіякампаніі працягваюць эксплюатацыю бэрмудскіх лайнэраў, пераканалася газэта, вывучыўшы дадзеныя сэрвісу Flightradar24. Толькі 13 сакавіка яны кожную гадзіну паднімалі ў неба прыкладна 100 зарэгістраваных на астравах самалётаў з прыпыненым сэртыфікатам лётнай прыдатнасьці. На радары былі заўважаныя Airbus і Boeing з кодамі бэрмудзкага рэгістру як усіх пяці найбуйнейшых перавозчыкаў, так і менш буйных кампаній.

Адзін з ананімных суразмоўцаў «Коммерсанта» зь ліку кіраўнікоў авіякампаній сказаў, што перавозчыкі чакаюць пастановы ўраду, якая афіцыйна дазволіць ім палёты. Да таго мэнэджмэнту пагражае крымінальная адказнасьць па артыкуле аб парушэньні правілаў бясьпекі палётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Расеі заблякавалі Instagram

Расейскія кампаніі рэгістравалі самалёты на Бэрмудзкіх астравах для скарачэньня падатковых выплат і для прасьцейшага страхаваньня за мяжой. Усяго ў Расеі 730-770 самалётаў з бэрмудзкай рэгістрацыяй з агульнага парку больш як у 980 самалётаў, піша «Коммерсантъ». У буйных расейскіх аэрапортах былі адкрыты прадстаўніцтвы бэрмудзкага рэгулятара, супрацоўнікі якога сачылі за тэхнічным станам флёту.

Пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Масквы і забароны на пралёты расейскай авіяцыі над заходнімі краінамі прамыя пералёты авіякампаніі могуць выконваць толькі ў 15 краін, падлічыла Асацыяцыі турыстычных апэратараў Расеі. У тым ліку ў Турэччыну, ААЭ, Катар, Марока, Іран, Індыю і Кітай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.