РПЦ у Амстэрдаме першай з заходніх цэркваў заявіла аб разрыве з Маскоўскім патрыярхатам праз вайну ва Ўкраіне

Алтар царквы РПЦ у Амстэрдаме

Прычына разрыву — ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляецца на сайце Рускай праваслаўнай царквы ў Амстэрдаме.

«Сьвятары аднагалосна заявілі, што больш ня могуць функцыянаваць у складзе Маскоўскага патрыярхату і забясьпечваць духоўна бясьпечнае асяродзьдзе для нашых вернікаў», — сказана ў паведамленьні.

Парафіяльная рада вырашыла падтрымаць гэты крок духавенства і прапануе парафіянам паступіць гэтак сама. Агульны сход прызначаны на 26 сакавіка.

У РПЦ Амстэрдама ўдакладнілі, што да гэтага моманту богаслужбы ў храме праводзіцца ня будуць, «ня толькі з мэтай бясьпекі, але і з пастарскіх меркаваньняў».

Духавенства падкрэсьлівае, што ў гэтай складанай сытуацыі яны ня могуць шчыра маліцца.

«Гэтае рашэньне зьяўляецца надзвычай балючым і цяжкім для ўсіх зацікаўленых бакоў», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятары РПЦ: «Народ Украіны павінен рабіць свой выбар самастойна, не пад прыцэлам аўтаматаў»

Пасьля ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Ануфрый выступіў са зваротам, у якім назваў разьвязаную вайну «братазабойчай», і заклікаў вернікаў «да ўзмоцненай пакаяннай малітвы за Ўкраіну, за нашае войска і наш народ». За гэтым адбылося рашэньне шэрагу эпархій УПЦ спыніць памінаньне на літургіі імя патрыярха Кірыла.

Сваю дзяржаву і войска патрымала аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны на чале з мітрапалітам Епіфаніем.

Заяву наконт вайны зрабіў і Папа Рымскі Францішак:

«Ва Ўкраіне цякуць рэкі крыві і сьлёз. Гэта ня проста ваенная апэрацыя, а вайна, якая нясе сьмерць, разбурэньні і галечу», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў да аднаўленьня перамоваў.

«У гэтай змучанай краіне з кожнай гадзінай расьце неабходнасьць у гуманітарнай падтрымцы. Вайна — гэта вар’яцтва. Калі ласка, спыніцеся», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Кіева і Жытоміра, блякада Марыюпалю. Што адбываецца ў 19-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл, камэнтуючы ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, не сказаў, што падтрымлівае расейскае ўварваньне, аднак прывёў аргумэнты ў яго апраўданьне. Ён лічыць, што цяперашняя сытуацыя зьвязана з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі зьнішчыць тое, што існуе на Данбасе, — відавочна, маюцца на ўвазе так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Паводле Кірыла, там «існуе непрыманьне, прынцыповае непрыманьне так званых каштоўнасьцяў, якія сёньня прапануюцца тымі, хто прэтэндуе на сусьветную ўладу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.