Фонд «Справядлівасьць для журналістаў» (JFJ) задакумэнтаваў сама меней 35 нападаў на журналістаў ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнай вайны ў Расеі. Большасьць нападаў учынілі расейскія вайскоўцы, некаторыя з нападнікаў ня вызначаны, паведаміла 13 сакавіка Радыё Свабода кіраўнік лёнданскага фонду Марыя Арджанікдзэ.
«Фізычныя атакі, усе зь якіх былі ўчыненыя расейскімі войскамі, уключаюць:
забойствы трох журналістаў
- журналіст Віктар Дудар загінуў падчас баёў пад Мікалаевам;
- апэратар у жывым эфіры Яўген Сакун загінуў падчас ракетнага абстрэлу ў Кіеве;
- амэрыканец Брэнт Рэно, відэажурналіст, былы аўтар The New York Times, працаваў ва Ўкраіне над праектам TIME Studios, прысьвечаным сусьветнаму крызісу уцекачоў, забіты на блёкпосьце ў Ірпяні Кіеўскай вобласьці;
10 замахаў
- швайцарскі журналіст Гіём Брыкет быў паранены і таксама абрабаваны расейскімі вайскоўцамі;
- двое чэскіх журналістаў Voxpot, Майда Сламава і Войцех Богач, трапілі пад абстрэл расейскіх войскаў;
- два дацкія карэспандэнты Ekstra-Bladet — журналіст Стэфан Эйхэрт і фатограф) Фільтэнборг Мікэльсэн быў параненыя ў выніку абстрэлу;
- расейскія вайскоўцы напалі на брытанскую тэлегрупу Sky News — галоўны карэспандэнт Сцюарт Рэмсі і чатыры яго калегі вярталіся ў Кіеў, калі яны трапілі ў засаду», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней на гэтым тыдні ў Барышаўцы на ўсход ад Кіева быў паранены журналіст Радыё Свабода Мар’ян Кушнір. Гэта адбылося падчас яго рэдакцыйнага заданьня.
Па словах Кушніра, ракетны або авіяўдар быў нанесены каля 3 гадзін ночы 11 сакавіка ў Барышаўцы. У выніку гэтага ўдару засталіся ахвяры.
Першую дапамогу карэспандэнту Радыё Свабода аказалі вайсковыя мэдыкі і барышаўскія мэдыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У розных гарадах Расеі праходзяць антываенныя акцыі. Больш за 800 затрыманых