У рэдакцыі, якая пасьля выдаленьня з падпіснога каталёгу «Белпошты» наладзіла ўласную сыстэму дастаўкі «Наша крама», паведамілі на электронныя скрыні чытачам, што «трымаліся да апошняга», нягледзячы на істотныя цяжкасьці. Але з пачатку 2022 году адбыліся дзьве значныя падзеі, пасьля якіх «выдавацца, „як раней“, немагчыма».
«Па-першае, без суду, без падстаў была абвешчана „экстрэмісцкім фармаваньнем“ газэта „Наша ніва“ і розныя інтэрнэт-рэсурсы, зь ёю зьвязаныя. Прытым у фармулёўцы пра гэтае рашэньне згадвалася і прадпрыемства ПВУП „Суродзічы“, якое раней, пакуль „Наша ніва“ была ў Беларусі, выдавала „Нашу ніву“ і якое выдавала адначасова і „Нашу гісторыю“. Такая фармулёўка, з улікам цяперашняга спэцыфічнага правапрымяненьня ў Беларусі, стварае пагрозы адвольнай юрыдычнай інтэрпрэтацыі — пагрозы для тых, хто часопісы прадае», — лічаць у рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Андрэй у адзеньні зь Мікалаем Радзівілам, Ягор — з надпісам «Радзіма». Як прайшоў першы дзень суду над «нашаніўцамі»Таму да высьвятленьня сытуацыі рэдакцыя паставіла выхад часопіса на паўзу, аднак затым сытуацыя ўскладнілася яшчэ больш.
«Напад Расеі на Ўкраіну зрабіў для нас немагчымым і друк часопіса. Рэч у тым, што прамаскоўская адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі забараніла ня толькі распаўсюд „Нашай гісторыі“ праз „Саюздрукі“ і „Белпошту“, але і друк у Беларусі. Парадаксальна, але магчымасьць друкаваць у Расеі заставалася, і мы здолелі такім спосабам выдаць яшчэ 6 нумароў — мы выкарыстоўвалі кожную лазейку. Але цяпер — вайна. Які ўжо друк у Расеі...»
У рэдакцыі заявілі, што цяпер ніякай магчымасьці далей друкаваць «Нашу гісторыю», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» не застаецца, і назвалі гэта вынікам «палітыкі выкараненьня незалежнай беларускай культуры і самой мовы».
Цяпер рэдакцыя працуе над 42-м нумарам «Нашай гісторыі». Напэўна, ён выйдзе ўжо ў новым фармаце. Таксама выдаўцы падумаюць і над тым, як дастаўляць часопіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замену такім людзям знайсьці немагчыма». Расказваем пра супрацоўнікаў «Нашай нівы» Марціновіча і Скурко, якіх сёньня пачынаюць судзіць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», часопіс «Бурачок» і марш у Курапаты. Нацыянальны рух у Беларусі напярэдадні распаду СССР