Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская зьехала ва Ўкраіну

Тацяна Гацура-Яворская

Былая старшыня рады грамадзкага аб‘яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская ў фэйсбуку растлумачыла, што ў цяперашнія часы для яе важна быць побач з мужам і дзецьмі, якія знаходзяцца ва Ўкраіне.

«Вайна радыкальна памяняла і нашу агульную, і маю ўласную сытуацыю. Мая сям’я рэзка апынулася ў рэальнай небясьпецы, на вайне, зь няпэўнымі сучаснасьцю і будучыняй, і мае патрэбу ў маёй прысутнасьці і падтрымцы. За тыдзень вайны я зразумела, што не магу ня быць зь імі побач у гэтай бядзе. І, зразумела, не магу ня быць яшчэ адным салдатам на ўкраінскім фронце ў гэтай нашай агульнай вайне. Пра салдата я пакуль не літаральна, але я ехала з плянам, што і як я магу рабіць тут на карысьць і ўкраінцам, і беларусам, маю намер стаць часткай беларускага супраціву тут. Бо зараз зрынуць рэжым Лукі магчыма толькі пасьля перамогі Ўкраіны», — напісала Гацура-Яворская.

Яна падкрэсьліла, што лічыць сваё рашэньне выехаць з краіны слушным, аднак прыняць яго было няпроста.

Таксама грамадзкая актывістка выказала сваю думку пра цяперашняе становішча ўнутры Беларусі.

«Апошнія дні бачыла ў стужцы пра „не атрымалася“. Мая думка як чалавека, які да апошняга заставаўся ў краіне ў супраціве: па-першае, пакуль не атрымалася, па-другое, абсалютна дакладна вымераны вынік — у рэжыму таксама не атрымалася. Мінула паўтара года, а сытуацыю ў краіне можна ўтрымліваць толькі тэрорам, і гэта ім ніяк не дапамагае перагарнуць старонку...».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы хлопцы гатовыя кроўю адкупіць тую няславу, якая цяпер ліецца на беларусаў». Як беларускія добраахвотнікі едуць ва Ўкраіну

Пра беларусаў, якія працягваюць жыць ва ўмовах бесьперапыннага тэрору і рэпрэсій, Тацяна кажа наступнае:

«Беларусы з пачатку вайны наслухаліся пра „баязьліўцаў“ і „цярпіл“, бо ня ўсталі і ня зрынулі рэжым за адзін дзень. Вядома, гэта гавораць людзі, якія ведаюць, што такое дыктатура, толькі па азначэньні са слоўніка. Украінцы не разумеюць, што быць беларусам у Беларусі — як быць украінцам у ДНР/ЛНР ці як быць сёньня праўкраінскім актывістам у Херсоне, дзе выкрадаюць людзей, тэрарызуюць і страляюць. У такім стане беларусы жывуць са жніўня 2020-га.

І ўсе, хто за гэты час пад штодзённым тэрорам не сабраў валізкі і ня зьехаў — гэта не баязьліўцы. Для мяне гэта самыя мужныя, моцныя, бясстрашныя, прынцыповыя людзі, якія кожны дзень маюць магчымасьць спыніць гэтую барацьбу, але не здаюцца. З дня ў дзень. Я буду тлумачыць гэта ўкраінцам на ўсіх узроўнях, да якіх дабяруся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Менску і Кіеве выказалі ўпэўненасьць, што беларускае войска нападаць на Ўкраіну ня будзе

Тацяна лічыць, што перамога абавязкова будзе.

«Мы справімся з Лукой і справімся з Пуціным, і справімся з нашымі стасункамі з украінцамі».

Мужа Тацяны беларускія ўлады прымусілі зьехаць зь Беларусі ва Ўкраіну. Там знаходзіліся і непаўналетнія дзеці Тацяны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта дыскрымінацыя». Рэакцыя Офісу Ціханоўскай на рашэньне Тартускага ўнівэрсытэту не прымаць студэнтаў зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна мяняе сьвет. Разьвітаньне зь мітам пра вялікую Расею

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.