«6 рублёў 30 капеек за 1 даляр да канца году». Што адбываецца ў Беларусі з курсам рубля

Чарга ў абменьнік у Менск 22 лютага 2022 году

За 17 дзён вайны Расеі супраць Украіны беларускі рубель дэвальваваўся да даляра прыкладна на 45%. Большым абвал курсу за апошнія 20 гадоў быў толькі ў 2011-м. 

Па стане на 13 сакавіка афіцыйны курс беларускага рубля паводле Нацбанку складае 3 рублі 29 капеек за адзін даляр ЗША.

Але ў рэальнасьці купіць даляр па такім курсе амаль немагчыма, камэрцыйныя банкі выстаўляюць у абменьніках курсы, пачынаючы з 3 рублёў 39 капеек за адзін даляр. 23 лютага, у апошні дзень перад вайной, за адзін даляр ЗША банкі давалі ў сярэднім 2 рублі 60 капеек.

Такім чынам, дэвальвацыя беларускай валюты ў дачыненьні да курса даляра для насельніцтва за 17 дзён баявых дзеяньняў склала каля 45%. Больш за такі кароткі пэрыяд у апошнія дзесяцігодзьдзі было толькі ў 2011-м, калі Нацбанк некалькі разоў дэвальваваў рубель на больш як 50%. Агулам за 2011 год нацыянальная валюта Беларусі патаньнела ў адносінах да даляра ўтрая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод «БелДжы» адпраўляе работнікаў у водпуск. Няма камплектных частак

45% дэвальвацыі — толькі пачатак

За апошнія 20 гадоў беларускі рубель дэвальваваўся ў дачыненьні да даляра неаднойчы. Падзеньне курсу не заўсёды было аднамомантным. У 2014 годзе, напрыклад, Нацбанк расьцягнуў яго на цэлы год, і ў выніку курс беларускай валюты тады за 12 месяцаў зьнізіўся прыкладна на 25%.

Найбольшае з часоў 90-х падзеньне курсу адбылося ў 2011 годзе. Тады Нацыянальны Банк Беларусі быў вымушаны правесьці адразу некалькі дэвальвацый цягам году. Курс зьмяняўся за раз на больш як 50%. У выніку за год рубель патаньнеў утрая.

У 2009 годзе дэвальвацыю правялі на навагоднія сьвяты. 2 студзеня за адну хвіліну курс рубля да даляра зьнізіўся на 20%.

Экспэрты прадказваюць, што 45% дэвальвацыі беларускага рубля за першыя 17 дзён вайны Расеі супраць Украіны — толькі пачатак. Рэальны курс расейскага рубля зараз ня ведае ніхто — таргі на валютна-фондавай біржы ў Маскве былі спыненыя ў першы дзень вайны і пакуль не аднавіліся. На іншых пляцоўках расейскі рубель дэвальваваўся прыкладна на 100%. Нават у абменьніках беларускіх банкаў за 1 расейскі рубель прапануюць 1 беларускую капейку — гэта прыкладна роўна 300% дэвальвацыі.

Паводле апублікаванага 11 сакавіка дасьледаваньня эканаміста BEROC Дзьмітрыя Крука, для хоць нейкай кампэнсацыі стратаў ад эканамічных санкцыі Захаду Беларусі неабходна «апераджальная дэвальвацыя адносна расейскага рубля». Гэта дапаможа захаваць расейскі рынак для беларускай прадукцыі. Аднак курс да даляра ў такім выпадку можа складаць 5 рублёў і больш. Паводле Дзьмітрыя Крука, агулам на канец году за адзін амэрыканскі даляр у Беларусі будуць даваць 6 рублёў 30 капеек.

Курс украінскай грыўні пры гэтым за 17 дзён вайны зьнізіўся толькі прыкладна на 10%.


Людзі «бягуць у даляры»

«Курс беларускага рубля ў доўгатэрміновай пэрспэктыве будзе зьніжацца, — прагназуе эканаміст, старшы аналітык цэнтра BEROC Леў Львоўскі. — Гэта ня значыць, што ў нейкі дзень рубель ня зможа крыху ўмацавацца. Зразумела, што цяпер і Нацбанк Беларусі, і Цэнтрабанк Расеі прымаюць беспрэцэдэнтныя захады для ўмацаваньня валют. Таму ў нейкім асобным эпізодзе, у асобны дзень ці тыдзень мы зможам нават назіраць умацаваньне рубля. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве мы будзем бачыць падзеньне».

Па словах Льва Львоўскага, адключэньне Беларусі ад сусьветнай эканомікі таксама нэгатыўна паўплывае на курс нацыянальнай валюты. Рубель будзе карыстацца ўсё меншым попытам. У такіх умовах беларускія ўлады могуць прымяніць так званую «неартадаксальную манэтарную палітыку».

«Гэта прымусовае замарожваньне даляравых укладаў, прымусовая канвэртацыя даляравых укладаў, — тлумачыць Леў Львоўскі. — У Расеі ўжо ўвялі прымусовую канвэртацыю валютнай выручкі. Усякія такія нестандартныя меры магчымыя. Калі вы ў звычайным жыцьці атрымалі 100 даляраў, паклалі іх у банк і будзеце ўпэўненыя, што яны ў вас ёсьць, то цяпер гэтай упэўненасьці больш няма ні ў кога».

Як мяркуе экспэрт, праз гэтую няўпэўненасьць зараз беларусы, юрыдычныя асобы і нават прадпрыемствы, «бягуць у даляры» — спрабуюць памяняць рублі на замежную валюту. Тыя, у каго ёсьць такая магчымасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы ракетны абстрэл Львоўскай вобласьці, на ЧАЭС зноў зьявілася электрычнасьць. 18-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

«Нідзе нічога няма»

«Уцячы ў даляры» тым часам у Беларусі становіцца ўсё складаней. Як расказалі Свабодзе адразу некалькі жыхароў Беларусі, зьняць замежную валюту нават са сваіх уласных рахункаў цяпер становіцца вялікай праблемай.

«У мяне на рахунку застаецца літаральна некалькі соцень даляраў, пасьля 2020 году я рэгулярна здымаў адтуль амаль усё, — расказаў адзін з супрацоўнікаў невялікай ІТ-кампаніі, які атрымлівае заробак у далярах. — Хацеў зараз таксама пайсьці зьняць рэшту. Але ў банку сказалі, што гатоўкі няма і невядома, калі будзе. Прапанавалі зьняць рублямі. Я адмовіўся. Пакуль буду чакаць».

Купіць валюту ў абменьніках камэрцыйных банкаў пакуль можна, аднак для гэтага трэба пастарацца, нават нягледзячы на высокі курс продажу.

«У пятніцу (11 сакавіка. — РС) хацеў абмяняць рублі на даляры альбо эўра, — расказвае яшчэ адзін жыхар Менску. — Абышоў некалькі абменьнікаў, нідзе нічога няма. Купіў толькі з чацьвёртага разу, здаецца. 3,95 за адзін даляр. Эўра ўвогуле не было нідзе».

Афіцыйнай інфармацыі пра магчымую прымусовую канвэртацыю валютных укладаў у рублёвыя, пра якую гаворыць Леў Львоўскі, пакуль няма. 12 сакавіка зьявілася толькі паведамленьне пра тое, што «Беларусбанк» уводзіць абмежаваньні на зьняцьце валюты са сваіх картак за мяжой, у эквіваленце ня больш як 400 рублёў за дзень.

Пры гэтым у параўнаньні з Расеяй новыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі пакуль значна больш лёгкія. Ад сыстэмы SWIFT адключылі толькі тры параўнальна невялікія банкі, паставак банкнотаў эўра і амэрыканскіх даляраў не забаранілі, золата-валютных рэзэрваў за мяжой не заблякавалі. У выпадку ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны беларускіх вайскоўцаў гэтая сытуацыя можа хутка зьмяніцца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.