Хроніка перасьледу: Супрацоўніку радыёстанцыі «Гомель» Аляксею Кругляку далі год калёніі, затрымалі візажыстку Томіну

Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

У Беларусі ў апошнія дні пераважна затрымліваюць за пратэсты супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і магчымага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у ёй.

Супрацоўніку радыёстанцыі «Гомель» Аляксею Кругляку прысудзілі год калёніі

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля завяршыў разгляд крымінальнай справы вядучага радыёстанцыі «Гомель», палітвязьня Аляксея Кругляка, вядомага пад псэўданімам Аляксей Каверын. Журналіста абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» і пакаралі годам зьняволеньня. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Паводле сьледзтва, Аляксей у прафэсійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 году напісаў некалькі паведамленьняў, якія тычыліся палітычнай сытуацыі ў краіне пасьля выбараў — прапанаваў выходзіць на вуліцы, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Гэтыя паведамленьні расцанілі, як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Крымінальную справу на Кругляка завялі толькі праз год, восеньню 2021 года, калі хтосьці з гэтага закрытага чату зьліў інфармацыю, якая ўтрымлівала заклікі, у чат праўладнага тэлеграм-каналу.

Берасьцейскага журналіста Максіма Хлябца выклікалі ў міліцыю з прычыны ананімнага даносу

Пра гэта Максім напісаў у твітэры.

«Сёньня быў у міліцыі. Нехта ананімна ў чат-бот міліцыі ў Менску напісаў, што на маёй старонцы ў ВК ёсьць фота зь бел-чырвона-белай сымболікай. Разьбіраюцца зараз».

Вольгу Томіну затрымалі на падставе даносаў

Затрымалі візажыстку Вольгу Томіну, на якую падпісаныя паўмільёна чалавек, відэа з яе допытам з’явілася ў заблякаваным тэлеграм-канале, зьвязаным з беларускімі сілавікамі. Пра выпадак піша «Наша ніва».

Томіна кажа, што хадзіла на мітынгі дзеля праўды, бо ёй было крыўдна, што збіваюць людзей.

У Томінай трое дзяцей, яна з’яўляецца вельмі вядомай візажысткай — на яе ў Інстаграме падпісаныя больш за паўмільёна чалавек.

Паводле папярэдняй інфарамцыі вядома, што яе трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў блогера Марка Бернштэйна, аднаго з найлепшых аўтараў Вікіпэдыі

32-гадовага Дзьмітрыя Мацюшэнку з Менску арыштавалі на 13 сутак за надпіс «No war» («Не вайне») на вакне кватэры, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Па дадзеных праваабаронцаў, сусед Дзьмітрыя сфатаграфаваў надпіс на вакне і перадаў фота ўчастковаму. Мацюшэнку затрымалі 10 сакавіка.

IT-спэцыяліста Марка Бернштэйна арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаваньне

Учора яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, а ў іх тэлеграм-канале было апублікавана фота Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы»

Па папярэдняй інфармацыі, ён быў затрыманы па запыце расейскага ФСБ. Марк Бернштэйн вядомы ў Беларусі актывіст і папулярызатар разьвіцьця інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.оrg. Ён уваходзіць у сьпіс «топ-50 лепшых аўтараў сэгмэнта на рускай мове».

Палітвязень Ігар Капанайка выйшаў з калёніі на волю. Яго дэпартуюць з Беларусі

Ігар Капанайка — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, але мае від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсыянэр. Яго абвінавацілі па арт. 339 КК (Хуліганства) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў). З матэрыялаў следзтва вядома, што 13 лістапада 2020 года мужчына ў пад’ездзе аднаго з дамоў Менска заліў мантажнай пенай уваходныя дзьверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў, запеніў мэханізм замка дзьвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, на паштовай скрыні Ігар напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі. Мужчына расказаў, што яго раззлаваў камэнтар міліцыянткі наконт сьмерці Рамана Бандарэнкі