«Гэта дыскрымінацыя». Рэакцыя Офісу Ціханоўскай на рашэньне Тартускага ўнівэрсытэту не прымаць студэнтаў зь Беларусі

Будынак Тартускага ўнівэрсытэту, 16 ліпеня 2017 году

Беларусы і расейцы, якія ня маюць доўгатэрміновай эўрапейскай візы або віду на жыхарства, цяпер не змогуць паступіць у Тартускі ўнівэрсытэт у Эстоніі.

Свабода атрымала адказ ад унівэрсытэту, а таксама спыталіся думку прадстаўніцы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі Тацяны Шчытцовай.

Сэнат Тартускага ўнівэрсытэту прыняў рашэньне на 2022/2023 навучальны год, якое абмяжоўвае магчымасьці паступленьня для грамадзян Беларусі і Расеі.

Тыя асобы, якія ня маюць віду на жыхарства ці доўгатэрміновай візы краіны — сябра Эўразьвязу, або калі яны ўжо ня вучацца ў Эстоніі, паступіць ва ўнівэрсытэт ня змогуць. Рашэньне распаўсюджваецца толькі на першы і другі ўзровень навучаньня (бакаляўрыят і магістратуру). Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца аддзелу маркетынгу і камунікацыі Тартускага ўнівэрсытэту Війвіка Эльянд-Кярп.

«Усе студэнты Тартускага ўнівэрсытэту, якія ўжо паступілі, зьяўляюцца чальцамі ўнівэрсытэцкай сям’і, іхны від на жыхарства дзейнічае, і яны могуць працягнуць вучобу. Сёньня ў Тартускім унівэрсытэце вучацца 257 студэнтаў з расейскім і 25 студэнтаў зь беларускім грамадзянствам. Рашэньне не распаўсюджваецца на грамадзян Расеі і Беларусі, якія ўжо жывуць у Эўразьвязе», — кажа Війвіка Эльянд-Кярп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дапусьціць стыгматызацыі беларусаў у сьвеце». Што робіць штаб Ціханоўскай, каб адказнасьць за вайну не ўскладалі на ўсіх беларусаў

Цьвёрдая пазыцыя ўнівэрсытэту ў тым, кажа Війвіка Эльянд-Кярп, што гэта вайна Расейскай Фэдэрацыі на чале з Уладзімірам Пуціным супраць дэмакратычнай Украіны, а не канфлікт паміж двума народамі.

«У сытуацыі, калі ва Ўкраіне гінуць нявінныя людзі, унівэрсытэт цалкам салідарны з украінскай акадэмічнай супольнасьцю і ўсёй краінай. Унівэрсытэт вырашыў абмежаваць доступ да нашых адукацыйных паслуг для грамадзян Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі такім жа чынам, як для грамадзян гэтых краін абмежаваны доступ да сотняў паслуг і прадуктаў, якія залежаць ад заходніх краін і кампаній. Такім чынам, з аднаго боку, унівэрсытэт прыняў рашэньне ў кантэксьце дзейных санкцый, але, з другога боку, сытуацыя з бясьпекай карэнным чынам зьмянілася і адной з прычын такога рашэньня стаў той факт, што ўнівэрсытэт ня можа кантраляваць стаўленьне і погляды студэнтаў-абітурыентаў або ўлічваць іх у сваіх рашэньнях».

«Забараняць супрацоўніцтва зь беларускімі навукоўцамі — значыць падрываць патэнцыял рэгіянальнай і міжнароднай салідарнасьці»

Прадстаўніца Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі Тацяна Шчытцова кажа, што яе першая рэакцыя на заяву Тартускага ўнівэрсытэту вельмі нэгатыўная і крытычная:

«Гэта такая вельмі неасьцярожная эмацыйная рэакцыя Тартускага ўнівэрсытэту, якая, на жаль, не грунтавалася на аналізе і акуратным падыходзе да сытуацыі. Я разумею, што цяпер нелегітымная ўлада, Лукашэнка, дазволіла, каб з нашай тэрыторыі вялася вайна. Але беларускае грамадзтва нельга атаясамліваць зь беларускім рэжымам. Для гэтага ёсьць вельмі шмат падставаў: вынікі розных сацыялягічных апытаньняў, шмат інфармацыі, што рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і яны тычацца непасрэдна сфэры адукацыі, выкладчыкаў унівэрсытэтаў і студэнтаў», — кажа Тацяна Шчытцова.

Прадстаўніца Офісу Ціханоўскай зазначае, што шмат беларускіх студэнтаў цяпер сядзяць у турмах і калёніях, атрымліваюць вялікія штрафы. Таксама Тацяна гаворыць і пра антываенны рух, які разгортваецца ня толькі за межамі Беларусі, але і ўнутры краіны.

«Нядаўна арыштавалі падлеткаў, якія пакінулі антываенны допіс, былі антываенныя пратэсты, дапамога ўкраінцам працягваецца. Ёсьць вельмі шмат доказаў, якія не дазваляюць атаясамліваць грамадзтва і рэжым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня блытайце беларусаў і рэжым Лукашэнкі», — галоўная тэма візыту Ціханоўскай у Лёндан

Тацяна акцэнтуе ўвагу на тым, што Тартускі ўнівэрсытэт грунтуе сваё рашэньне на ўжо прынятых санкцыях, якія абмяжоўваюць доступ да паслуг і тавараў грамадзянам Беларусі і Расеі.

«Немагчыма параўноўваць доступ да бізнэс-магчымасьцяў, прадпрыемстваў, банкаў — і сфэру адукацыі. Усё, што тычыцца адукацыі, — гэта сацыяльна-культурнае вымярэньне, якое павінна захоўвацца ў інтэрнацыянальным кантэксьце, бо менавіта добрая адукацыя адкрывае магчымасьці і дае шанец на тое, што нашыя грамадзтвы будуць мяняцца. Здаецца, гэта павінна быць зразумела нават простаму чалавеку, а мы зараз гаворым пра ўнівэрсытэцкую публіку».

І такія рашэньні ўнівэрсытэту — дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце, лічыць Тацяна.

«Атрымліваецца, што моладзь зь Беларусі ня можа зьвяртацца і падаваць дакумэнты ў гэты ўнівэрсытэт менавіта таму, што яна беларуская моладзь, якая зараз знаходзіцца ў Беларусі. Гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце, яна нават не адпавядае агульнаму ўяўленьню аб правах чалавека. Я хачу падкрэсьліць, што эўрапейскі этас такі, што менавіта з адукацыяй мы зьвязваем трансфармацыю ў лепшы бок нашых грамадзтваў».

Таксама Тацяна лічыць абуральнай і фармулёўку з рашэньня, што «унівэрсытэт ня можа кантраляваць стаўленьне і погляды студэнтаў-абітурыентаў або ўлічваць іх у сваіх рашэньнях».

«Гэта парадаксальна. Яны амаль прамым тэкстам прызнаюцца: „Мы ведаем, што ёсьць тыя, хто ня згодны, але мы ўсё ж такі будзем дзейнічаць вось так агульна“. Гэта разыходзіцца з простай лёгікай, ужо не кажу пра аргумэнты, якія я прыводзіла».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы, якія ўцяклі ад вайны ва Ўкраіне, змогуць бязь візы трапіць у Нямеччыну і Швэцыю

Тацяна адзначае, што нядаўна дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з амбасадарам Эстоніі.

«Высьветлілася, што гэтае рашэньне Тартускага ўнівэрсытэту было аўтаномным. Амбасадар сказаў, што гэта не было ні ў якім разе з боку ўраду Эстоніі, і ён лічыць, што гэтае рашэньне Тартускага ўнівэрсытэту мусіць быць перагледжана».

Пры гэтым тэндэнцыя дыскрымінацыі беларускай адукацыйнай супольнасьці пашыраецца, кажа Тацяна.

«Ёсьць зь літоўскага боку і іншых краін такія прапановы, каб не дапускаць беларускіх навукоўцаў да ўдзелу ў канфэрэнцыях, публікацыі ў міжнародных часопісах. То бок наагул блякаваць доступ беларускім навукоўцам да міжнароднай акадэмічнай дзейнасьці — і гэта тое самае, што ўжо адбылося датычна студэнтаў».

Акурат у гэтых пытаньнях Тацяна Шчытцова нядаўна зрабіла зварот да міжнароднай акадэмічнай супольнасьці.

Вытрымка са звароту:

«Тэндэнцыя выключаць беларускіх навукоўцаў зь міжнароднай навуковай супольнасьці выглядае трывожнай праявай ігнараваньня ўсёй складанасьці сытуацыі. У Беларусі больш за 1500 студэнтаў і выкладчыкаў сталі ахвярамі рэпрэсій і перасьледаў. Сёньня ў турмах і калёніях знаходзяцца дзясяткі студэнтаў і навукоўцаў. Многія дасьледчыкі і выкладчыкі вымушаныя былі ўцякаць з краіны. Частка зь іх разам з украінцамі шукае выратаваньня ад расейскіх бамбаваньняў.

Забараняць супрацоўніцтва зь беларускімі навукоўцамі — значыць падрываць патэнцыял рэгіянальнай і міжнароднай салідарнасьці і ўскосна спрыяць культываваньню ўзаемнай варожасьці паміж украінцамі і беларусамі. Абмежаваньні і забароны павінны распаўсюджвацца на дзяржаўныя інстытуты і памагатых рэжыму. Але для таго, каб эфэктыўна супраціўляцца мілітарысцкай прапагандзе і новаму таталітарызму ў Эўропе, патрэбны сумесныя намаганьні і супрацоўніцтва навукоўцаў і інтэлектуалаў з розных краін, уключаючы Беларусь.

Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што лёс Эўропы, уключаючы лёс Беларусі, сёньня вырашаецца ва Ўкраіне. Навукоўцы, у першую чаргу гуманітарыі, могуць зрабіць каштоўны ўнёсак у супрацьстаяньне агрэсіі, калі катастрофа стане прадметам агульнага асэнсаваньня».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.