Антыфэйк. Расейцы разбамбілі радзільны дом, а ня «базу ўльтрарадыкальнага батальёну „Азоў“»

Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з радзільнага дома ў Марыюпалі, на які расейцы скінулі бомбы, 9 сакавіка 2022

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў пацьвердзіў 10 сакавіка, што расейцы нанесьлі авіяўдары па дзіцячай лякарні і радзільным доме ў Марыюпалі. Аднак ён назваў «маніпуляцыяй» заявы ўкраінскага боку, што ўстанова падчас авіяўдараў працавала і ад атакі пацярпелі безабаронныя жанчыны і дзеці.

Як было насамрэч?

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла раней, што ў выніку авіяцыйных удараў расейскімі самалётамі па дзіцячай лякарні 9 сакавіка загінулі тры асобы, у тым ліку адно дзіця. Атрымалі траўмы 17 чалавек — дзеці, жанчыны і лекары.

«Некалькі дзён таму на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН расейская дэлегацыя прадставіла факты аб тым, што гэтую радзільню даўно захапілі батальён «Азоў» і іншыя радыкалы, адтуль выгналі ўсіх цяжарных, мэдсясьцёр і ўвогуле ўвесь пэрсанал. Гэта была база ультрарадыкальнага батальёну «Азоў», — сказаў Сяргей Лаўроў у Антальлі (Турэччына) 10 сакавіка пасьля перамоў зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пацьвердзіла наўмысныя абстрэлы дзіцячай лякарні ў Марыюпалі

На якія «факты» спасылаўся Лаўроў, невядома. Ніякіх расейскіх доказаў таго, што ў радзільні сапраўды былі ўкраінскія вайскоўцы, не зьявілася.

Затое ўкраінскі бок прадставіў факты, якія сьведчаць якраз пра адваротнае — расейскі ўдар быў нанесены па цывільным аб’екце і безабаронных людзях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разбамбаваная дзіцячая бальніца ў Марыюпалі. ФОТА

Сьвет абляцеў здымак цяжарнай украінскай блогеркі Мар’яны Падгурскай, якую эвакуююць з марыюпальскай радзільні ў дзень абстрэлу. Амбасада Расеі ў Вялікай Брытаніі апублікавала твіт, у якім абвінаваціла жанчыну ў тым, што яна зьнялася ў пастановачным відэа зь лякарні ў Марыюпалі. Адміністратары Twitter выдалілі гэты твіт як фальшыўку.


Сёньня стала вядома, што Мар’яна нарадзіла дзіця.

Авіяўдары па радзільні ў Марыюпалі выклікалі хвалю абурэньня і асуджэньня ва ўсім сьвеце.

Кіраўніца UNICEF Кэтрын Расэл заявіла, што яна «ў жаху ад нападу, у выніку якога, як паведамляецца, маленькія дзеці і жанчыны былі пахаваныя пад заваламі разбураных будынкаў. Мы пакуль ня ведаем колькасьці ахвяраў, але баімся найгоршага».

Віцэ-прэмʼер ураду Ўкраіны Ірына Верашчук сказала 10 сакавіка, што ў Марыюпалі насьпявае гуманітарная катастрофа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’ер Украіны падсумавала вынікі працы гуманітарных калідораў

Два тыдні працягваецца аблога расейскімі войскамі гэтага гораду на ўзьбярэжжы Азоўскага мора; 400-тысячны горад акружаны з усіх бакоў, абясточны, але абараняецца. Гараджане цярпяць ад голаду, холаду, нястачы вады, штогадзінных абстрэлаў. Лік палеглых перавысіў 1 200, іх хаваюць у брацкіх магілах. Расейскія войскі 5 дзён не прапускаюць у горад гуманітарныя канвоі з харчамі і вадой і аўтобусы для эвакуацыі цывільных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыфэйк. «У Італіі забілі беларускіх дальнабойнікаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыфэйк. Расея гаворыць пра чуму і халеру, а доказам выстаўляе кішэчную палачку

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.