Паводле яго, пасьля пяці гадзін гарачых дыскусій было сказана «так» украінскай эўраінтэграцыі.
«Працэс пачаўся. Цяпер справа за намі і ўкраінцамі, каб зрабіць гэта хутка. Украінскі народ заслугоўвае таго, каб ведаць, што яму рады ў ЭЗ», — напісаў Наўседа.
У заяве па выніках нефармальнага саміту ЭЗ у Вэрсалі, апублікаванай у ноч на пятніцу, 11 сакавіка, зазначаецца, што Эўракамісія павінна даць заключэньне аб ўкраінскай заяўцы на ўступленьне ў Эўразьвяз, а да таго часу плянуецца ўмацоўваць партнэрскія адносіны з Кіевам. «Украіна належыць нашай эўрапейскай сям’і», — сказана ў заяве.
Пры гэтым ацэнка Эўракамісіі можа заняць працяглы час, указаў прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ. «Для ўступленьня ў ЭЗ няма паскоранай працэдуры. Гэта стала б аплявухай для Чарнагорыі, Сэрбіі, Альбаніі і Паўночнай Македоніі, якія так доўга чакалі допуску да працэдуры ўступленьня», — заявіў ён.
«Мы не павінны даваць украінцам адчуваньне, быццам зараз усё здарыцца з дня на дзень», — дадаў прэм’ер Люксэмбургу Ксаўе Бэтэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: «Украіна ніколі-ніколі не абернецца перамогай для Пуціна»Дзяржавы ЭЗ паабяцалі «аказаць падтрымку ў аднаўленьні дэмакратычнай Украіны» пасьля завяршэньня вайны. Як гаворыцца ў выніковым дакумэнце, ЭЗ будзе і ў далейшым аказваць украінскім уцекачам «гуманітарную, мэдычную і фінансавую» дапамогу.
Таксама Рада кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЭЗ прапанавала Эўракамісіі прадставіць свае заключэньні па заяўках на ўступленьне ў ЭЗ Рэспублікі Малдовы і Грузіі.
28 лютага Ўладзімір Зяленскі падпісаў заяўку на ўступленьне Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Копіі дакумэнту Кіеў накіраваў старшыні Эўрапейскай рады Шарлю Мішэлю, прэзыдэнту Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен, а таксама кіраўніку Эўрапарлямэнту Рабэрце Мэтсале.
«Расея і яе саўдзельніца Беларусь — агрэсары»
У заяве кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Эўропы, якія сабраліся ў Вэрсалі, каб абмеркаваць расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны, таксама згадваецца роля Беларусі ў разьвязваньні вайны супраць незалежнай дзяржавы Ўкраіны.
У першым пункце апублікаванай ў ноч на 11 сакавіка рэзалюцыі гаворыцца:
«Два тыдні таму Расея вярнула вайну ў Эўропу. Несправакаваная і неабгрунтаваная ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны груба парушае міжнароднае права і прынцыпы Статуту ААН і падрывае эўрапейскую і глябальную бясьпеку і стабільнасьць. Гэта прычыняе невымоўныя пакуты ўкраінскаму насельніцтву.
Расея і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасьць за гэтую агрэсіўную вайну, і вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасьці за свае злачынствы, у тым ліку за невыбарачныя напады на грамадзянскае насельніцтва і грамадзянскія аб’екты.
У сувязі з гэтым мы вітаем рашэньне пракурора Міжнароднага крымінальнага суду пачаць расьсьледаваньне. Мы заклікаем да таго, каб бясьпека ядзерных аб’ектаў Украіны была неадкладна гарантаваная пры садзейнічаньні Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі.
Мы патрабуем, каб Расея спыніла свае ваенныя дзеяньні і неадкладна і безумоўна вывела ўсе сілы і вайсковую тэхніку з усёй тэрыторыі Ўкраіны, а таксама поўнасьцю паважала тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дыплямат і журналіст пра Беларусь, вайну і Ўкраіну: беларусы невінаватыяВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.