«Украіна ніколі-ніколі не абернецца перамогай для Пуціна», — сказаў амэрыканскі прэзыдэнт перад перамовамі з калюмбійскім лідэрам Іванам Дуке ў Белым доме, піша «Голас Амэрыкі».
Ён нагадаў, што на гэты момант ЗША ўжо выдзелілі мільярд даляраў на аказаньне дапамогі Ўкраіне ў галіне яе бясьпекі.
«І новыя пастаўкі абарончага рыштунку накіроўваюцца туды зараз», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Ён дадаў, што ўведзеныя Злучанымі Штатамі эканамічныя санкцыі «падрываюць эканоміку Расеі, і рубель ужо страціў палову свайго кошту».
Байдэн у чацьвер таксама паразмаўляў па тэлефоне з турэцкім лідэрам Рэджэпам Эрдаганам. Яны пацьвердзілі падтрымку ўраду і народу Ўкраіны з боку ЗША і Турэччыны, адзначыўшы неабходнасьць неадкладнага спыненьня расейскай агрэсіі. Кіраўнік Белага дому выказаў удзячнасьць у сувязі з намаганьнямі Анкары па пошуках дыпляматычнага разьвязаньня ваеннага канфлікту.