Пра параненую пяцігадовую дзяўчынку піша таксама тэлеграм-канал «Белые халаты», згадвае пра яе гімнастка Меліціна Станюта ў сваіх сацсетках. У Інстаграме розныя людзі публікуюць фатаграфію дзяўчынкі. На фота яна трымае дыплём, на якім напісана імя — Анастасія Кончаковська. Паспрабавалі сабраць інфармацыю пра дзяўчынку і абставіны яе раненьня.
Як расказаў Свабодзе мэдык на ўмовах ананімнасьці (яго кантакты ёсьць у рэдакцыі), дзяўчынка была параненая ў галаву, яе бацькі і брат загінулі. У дзяўчынкі засталася толькі бабуля, якая цяпер разам зь ёй у шпіталі ў Менску. Пасьля ўсяго перажытага бабуля ў стане афэкту, і пагаварыць зь ёю немагчыма. Да таго ж яна пад кантролем супрацоўнікаў КДБ.
Паведамляецца, што расейскія вайскоўцы, які паранілі дзяўчынку, эвакуавалі яе на верталёце з аэрапорту Гастомеля да Мазыра, а адтуль санавіяцыяй малую перавезьлі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менск.
Непасрэдна зь лекарамі РНПЦ паразмаўляць не ўдалося. Паўгода таму ў цэнтры зьявіўся намесьнік дырэктара па бясьпецы, падпалкоўнік юстыцыі, кадравы супрацоўнік КДБ, які займаецца «чысткамі» супрацоўнікаў, што бралі ўдзел у пратэстах, і дадаткова сочыць за закупкамі і карупцыяй. Паводле нашай крыніцы, ён узяў пад кантроль увесь працэс, зьвязаны са знаходжаньнем у шпіталі параненай украінскай дзяўчынкі, у якой забілі сям’ю.
Усе мэдычныя брыгады, нават санітаркі, хто сутыкаўся з параненай дзяўчынкай, строга папярэджаныя наконт наступстваў разгалошваньня інфармацыі пра яе.
Як стала вядома Свабодзе, дзяўчынцы ўжо трошкі лепей, яна выйшла зь цяжкага стану. Апэравала яе адначасна брыгада нэўрахірургаў і афтальмахірургаў, бо ў яе пашкоджанае вока. Праўдападобна, дзяўчынка страціць зрок на адно вока, прагназуюць дактары.