Паседжаньне праходзіць у менскім гарадзкім судзе на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 3.
З суду перадае чытач Свабоды: Алесь Пушкін ляжыць на лаўцы ў клетцы ў белай робе, такім чынам пратэстуе. Перад заляй праходзіць надзвычайны кантроль, у залі дзясятак міліцыянтаў.
Пушкін адмовіўся ўставаць, запатрабаваў зьняць з рук кайданкі. Усіх наведнікаў выгналі з залі, канвой сілай падняў мастака з лаўкі.
У адводзе судзьдзі падсуднаму адмовілі, таму пасяджэньне працягваецца.
Пушкін адмовіўся ад паслуг адваката, ён хоча абараняцца сам. Суд зноў узяў паўзу на абмеркаваньне, раіцца.
Тым часам міліцыянты выдалілі з залі суду жонку Пушкіна Яніну за некалькі слоў, якія яна сказала мужу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіцьСправа Алеся Пушкіна
Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.
За чатыры дні да гэтага пракуратура Горадні завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд.
Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць мастака, прадугледжваюць пазбаўленьне волі нават да 12 гадоў. Яшчэ нікому з сучасных беларускіх мастакоў не пагражала настолькі суворае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі па вас сумую». Зь лістоў і малюнкаў зьняволенага мастака Пушкіна зрабілі анімацыйны фільм. ВІДЭА