У Вялікай Брытаніі каралеўская сям'я выказвае падтрымку Ўкраіне

З дапамогай кветак, малітваў, каляровай каардынацыі і некалькіх выказваньняў брытанская каралеўская сямʼя незвычайна адкрыта выказалася пра вайну ва Украіне.

Прынц Уільям і Кейт, герцагіня Кэмбрыджская, публічна падтрымалі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і народ Украіны, сказаўшы, што «яны мужна змагаюцца» – паведамляе ВВС.

Калі ў сераду каралеўская пара наведала Ўкраінскі культурны цэнтар у Лёндане, яны прадэманстравалі сваё стаўленьне колерамі, абое мелі значкі з украінскім сьцягам і былі апранутыя ў вопратку блакітных адценьняў.

«Мы салідарныя з усімі тымі, хто супрацьстаіць жорсткай агрэсіі», — сказаў прынц Чарльз на мінулым тыдні прамой мовай, якая пазбаўленыя звычайных каралеўскіх двухсэнсоўнасьцяў.

На наступны дзень прынц Чарльз падчас візыту ва Ўкраінскі каталіцкі сабор асудзіў «сапраўды жудасную агрэсію», зь якой сутыкнулася Ўкраіна.

Прынц Чарльз і Каміла, герцагіня Корнуальская выглядалі расчуленымі сустрэчай з украінскай супольнасьцю і паабяцалі маліцца за іх у гэтай надзвычайнай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн, Джонсан, Шольц і Макрон дамовіліся пра далейшае падвышэньне цаны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Каралева ў часе свайго доўгага кіраваньня пазьбягае прамых камэнтароў па палітычных пытаньнях.

Таму было шмат меркаваньняў наконт надзвычай вялікага букета кветак ва ўкраінскіх колерах сіняга і жоўтага, які зьявіўся, калі яна прымала прэмʼер-міністра Канады Джастына Трудо.

Ці было гэта каляровым паведамленьнем – задаецца пытаньнем ВВС? Інсайдэры Букінгэмскага палацу мяркуюць, што мала што ў каралеўскім сьвеце бывае выпадковым. Як і сымболіка сярэднявечных прыдворных карцін, усё ў тым, што вакол каралевы, мае сваё пасланьне.

Каралеўская сямʼя таксама зьяўляецца інтэрнацыянальнай сямʼёй. Калі ў мінулым месяцы каралева адзначыла пачатак плацінавага юбілею, яна паглядзела на гістарычныя прадметы з папярэдніх юбілеяў.

Асаблівую цікавасьць яна выявіла да групы аўтографаў каралевы Вікторыі і каралеўскіх сваякоў, у тым ліку «Nicky». Гэта быў Мікалай II, злашчасны будучы кіраўнік Расеі, зрынуты пасьля таго, як ён уступіў у вайну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі астранаўт у знак пратэсту супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну вярнуў расейскі мэдаль «За заслугі ў асваеньні космасу»