Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо амаль два тыдні працуюць на станцыі, украінскі аб’ект захапілі расейскія войскі на пачатку вайны, піша AFP.
Украінскія ўлады папрасілі Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) дапамагчы забясьпечыць ратацыю пэрсаналу Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 24 лютага Чарнобыльскую АЭС захапілі расейскія войскі. Ад таго часу на станцыі дзяжурыць адна і тая ж зьмена з 210 чалавек, сярод якіх тэхнічныя спэцыялісты і ахоўнікі, гаворыцца ў паведамленьні на сайце МАГАТЭ.
Украінскі рэгулятар у сфэры атамнай энэргіі заявіў, што супрацоўнікі фактычна жывуць на станцыі з пачатку вайны, працуюць, падзяліўшыся на групы і зьмяняючы адзін аднаго. У іх абмежаваны доступ да ежы, вады і лекаў. Сувязь зь імі захавалася толькі праз электронную пошту. Праца зь ядзернымі матэрыяламі на станцыі пакуль прыпыненая, заявіў украінскі рэгулятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радыянукліды могуць даляцець да Менску», — фізык-ядзернік пра пагрозу выбуху на Запароскай АЭСУлады Ўкраіны просяць МАГАТЭ ўзначаліць міжнародную падтрымку, неабходную для падрыхтоўкі пляну замены цяперашняга пэрсаналу і забесьпячэньня станцыі эфэктыўнай сыстэмай ратацыі.
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі «сказаў пра страту дыстанцыйнай перадачы дадзеных ад сыстэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
«Агенцтва вывучае стан сыстэм маніторынгу гарантый бясьпекі ў іншых месцах Украіны і неўзабаве прадставіць дадатковую інфармацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 12 дзён заблякаваныя на станцыіМАГАТЭ выкарыстоўвае тэрмін «гарантыі» для апісаньня тэхнічных захадаў, якія яно прымяняе да ядзерных матэрыялаў і дзейнасьці з мэтай стрымліваньня распаўсюджваньня ядзернай зброі шляхам раньняга выяўленьня незаконнага выкарыстаньня такога матэрыялу.
Непрацоўная станцыя знаходзіцца ў зоне адчужэньня, у якой разьмяшчаюцца выведзеныя з эксплюатацыі рэактары, а таксама радыяактыўныя адкіды. Больш за 200 супрацоўнікаў па-ранейшаму працуюць на станцыі, паколькі яна патрабуе пастаяннага кіраўніцтва, каб прадухіліць чарговую ядзерную катастрофу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ «надзвычай занепакоенае» падзеямі на Запароскай АЭС, захопленай расейскімі войскаміАгенцтва ААН заклікала Расею дазволіць работнікам зьмяняцца, бо адпачынак і рэгулярныя зьмены маюць вырашальнае значэньне для бясьпекі аб’екту.
24 лютага Расея ўварвалася ва Ўкраіну і захапіла Чарнобыльскую АЭС, месца буйной атамнай катастрофы 1986 году, у выніку якой загінулі сотні людзей, у сотняў тысяч непапраўна пагоршылася здароўе, а радыяактыўнае забруджваньне распаўсюдзілася на захад па ўсёй Эўропе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.