«Лукашэнка будзе ва ўладзе роўна столькі, колькі і Пуцін». Вядомы беларускі піяніст Канстанцін Гарачы валянтэрыць ва Ўкраіне падчас вайны

Канстанцін Гарачы (справа)

Джазавы піяніст Канстанцін Гарачы ўвосень 2020-га вымушаны быў выехаць зь Беларусі ў Кіеў. Там знайшоў сваё каханьне — ажаніўся з кіеўскай беларускай Юліяй Камінскай. З пачаткам вайны ім давялося пераехаць з Кіева ў Заходнюю Ўкраіну. Цяпер Канстанцін разам з жонкай Юліяй сталі валянтэрамі.

«25 лютага па Абалоні ўжо езьдзілі расейскія баявыя машыны»

Канстанцін Гарачы прызнаецца, што маральна быў гатовы, што вось-вось пачнецца вайна.

«Было шмат інфармацыі, што нешта рыхтуецца. Чакалі пачатку вайны 16 лютага, потым 23-га. Менавіта 23-га, а не 24-га… Калі раніцай даведаліся пра пачатак вайны, мы, як і ўсе, пайшлі ў краму, закупілі харчоў, вады. Дазналіся, як сябе паводзіць пры абстрэлах, пры бамбёжках.

Канстанцін Гарачы з жонкай

А 25 лютага па Абалоні, дзе мы тады жылі, па дварах ужо езьдзілі расейскія баявыя машыны. Мы ўжо чулі моцныя выбухі, было папярэджаньне, што на Абалонь рыхтуецца моцная атака. І мы вырашылі зьяжджаць.

Мы зьехалі, хоць гэта было ўжо няпроста. У нас была машына, было куды ехаць — пашанцавала. Цяпер, натуральна, цікавімся, што адбываецца ў Кіеве, вельмі перажываем. Цяпер мы на захадзе Ўкраіны, дапамагаем тут, валянтэрым.

Не сядзім бяз справы. Робім што можам для Ўкраіны», — расказвае Канстанцін.

Жонка Канстанціна Юлія 3 сакавіка напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што зьяжджаць з Украіны сям’я Гарачых не зьбіраецца.

«Што да нас, то мы ва Ўкраіне. Гэта мая другая радзіма, і я зь ёю да канца.

Ці баюся я жыць зь беларускім пашпартам ва Ўкраіне? Не. Ня буду тут разводзіць лонгрыды пра падзеі 2020 году і яго вынікі. Тыя, хто цяпер размахвае зброяй на тэрыторыі Беларусі, не без задавальненьня забівалі і калечылі сваіх суайчыньнікаў. Толькі куля спыніць гэтае мярзоцьце.

А мы працягваем ваяваць у тыле па стабільным графіку: гонка па аптэках, дастаўка гуманітаркі ў Народны дом, макрамэ з маскіровачных сетак, каардынацыя матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня…

Я вельмі хачу дадому. У Кіеў. І я ведаю, што мы хутка туды вернемся — вялізная ўкраінская душа, сатканая зь мільёнаў сэрцаў, вельмі хутка грохне гэтае дробнае кончанае чмо».

«Як Лукашэнка ў 2020-м аб’яднаў беларусаў, так і Пуцін у 2022-м аб’яднаў украінцаў»

Што да стаўленьня да Беларусі, Гарачыя сутыкаліся зь непрыязнымі выказваньнямі толькі ў інтэрнэце, пацьвярджае і Канстанцін.

«Самі ніколі не сутыкаліся. І ўсе знаёмыя з Кіева таксама вельмі добра ставяцца да беларусаў. Простыя людзі нармальна ставяцца. Адрозьніваюць, што такое народ беларускі і што такое Лукашэнка.

Вельмі цешыць, што ўкраінцы цяпер згуртаваныя. Як Лукашэнка ў 2020-м аб’яднаў беларусаў, так і Пуцін у 2022-м аб’яднаў украінцаў. Няма розных меркаваньняў, перакананьняў, спрэчак, партый, рухаў — зараз адзін вораг ва ўсіх украінцаў: Пуцін. Усе ўкраінцы згуртаваліся», — перакананы Канстанцін.

І прызнаецца, што калі ў лістападзе 2020 году ён прыехаў ва Ўкраіну, многім украінцам падабаўся Лукашэнка. І яны пыталіся: «А чаго вы ўвогуле выходзілі на пратэсты? Што вас не задавальняла? У вас жа ўсё так добра!»

«І толькі зараз уся Ўкраіна аб’ядналася супраць расейскай экспансіі і супраць калябарантаў, якія былі і ва ўкраінскім парлямэнце, і сярод дарадцаў Зяленскага.

Нават у Харкаве, які быў цалкам расейскамоўным і прарасейскім горадам, зараз не засталося прарасейскіх людзей», — кажа ён. І праз доўгую паўзу дадае:

«Але гэты народ Пуцін не пераможа. Бо ён змагаецца адзін. Яго войска не матываванае на гэтую вайну. А ва Ўкраіне кожны чалавек матываваны на перамогу — сёньня нейкая жанчына зьбіла расейскі дрон слоікам з агуркамі».

«Лукашэнка ўжо нічога не кантралюе ў краіне. Ён нават ня ведае, што адбываецца»

Канстанцін Гарачы таксама кажа, што раней ніколі ня слухаў выступаў і зваротаў ні Пуціна, ні Лукашэнкі.

«Але калі я паслухаў апошні зварот Пуціна за пару дзён да ўварваньня ва Ўкраіну, я зразумеў, што гэта ўжо не чалавек. Гэта зло. Ён ня спыніцца ні перад чым. Будзе ісьці да канца. Пуцін моцны ў фэйках, у шантажы, у падмане — увесь набор д’ябла. Ён пагражае ўзрывамі атамных станцый. Ніякія санкцыі, ніякі гераізм украінскага народу яго ня спыняць.

І так супала, што Беларусьсю кіруе такі ж вар’ят Лукашэнка. Ён — гаўляйтэр Пуціна ў Беларусі. Але Лукашэнка ўжо нічога не кантралюе ў краіне, ён нават ня ведае, што адбываецца, ніхто яго нават не інфармуе. Бо ён ніхто, пустое месца. Няма прэзыдэнта ў Беларусі. Усім кіруе Пуцін.

Тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе — здушэньне пратэстаў, жорсткая расправа, — усё гэта кіравалася Масквой, гэта была апэрацыя, распрацаваная ў Крамлі.

Колькі гэта працягнецца, залежыць ад Пуціна. Лукашэнка будзе ва ўладзе роўна столькі, колькі і Пуцін. Ня стане Пуціна — ня стане Лукашэнкі. Але калі сыдзе Лукашэнка, у Беларусі зьявіцца другі шанец», — мяркуе піяніст Канстанцін Гарачы.

«Ня думаў, што так надоўга затрымаюся ва Ўкраіне»

У лістападзе 2020 году Канстанцін мусіў пакінуць Беларусь — атрымаў ліст зь міліцыі, што ў дачыненьні да яго заведзена адміністрацыйная справа паводле артыкула 23.34.

«Так, я хадзіў на ўсе нядзельныя маршы пратэсту, і ня толькі на нядзельныя. Да таго ж тады пачалі масава затрымліваць музыкаў і за ўдзел у акцыях, і за дваровыя канцэрты. Атрымаўшы ліст зь міліцыі, я адразу вырашыў не чакаць і тэрмінова зьяжджаць з краіны. Шэнгенскай візы ў мяне не было, таму абраў Кіеў. Але тады ня думаў, што так надоўга затрымаюся ва Ўкраіне — думаў, максымум да вясны 2021-га», — узгадвае Канстанцін.

Кіеў, тады яшчэ мірны, сустрэў Канстанціна Гарачага вельмі гасьцінна: там было шмат старых сяброў, у тым ліку і музыкаў.

«Да апошняга часу ў Кіеве было нядрэнна. Былі канцэрты, былі выступленьні на розных фэстывалях. Я нават ажаніўся ў Кіеве — так лёс склаўся. Гэта беларуска Юля Камінская, якая брала ўдзел у праэкце “Народнае пасольства" Ўкраіны. Я яе сустрэў ужо ў Кіеве. Мы разам. Зараз такія эмацыйныя арэлі: то зьехаць, то застацца. Пакуль вырашылі застацца і рабіць штосьці карыснае для Ўкраіны», — кажа Канстанцін.

На аргумэнт, што замест культуры ў Беларусі застанецца выпаленая зямля, бо многіх музыкаў пасадзілі, кагосьці звольнілі з палітычных матываў, шмат артыстаў мусілі зьехаць, Канстанцін запярэчыў:

«Ня згодны. Зараз беларуская культура распаўсюджваецца па ўсім сьвеце. Так, беларускія дзеячы культуры зьехалі — хто ў Польшчу, хто ў Чэхію, хто ў Амэрыку, хто ў тую ж Украіну, але беларуская культура жыве. Беларуская культура зараз там, дзе беларусы працуюць. Таму што беларусам не давалі працаваць на радзіме. Была афіцыйная культура Рэспублікі Беларусь зь Ярмоленкам і Саладухам. І была іншая культура», — перакананы піяніст Канстанцін Гарачы.

* * *

Канстанцін Гарачы нарадзіўся ў Менску ў 1974 годзе. Ягоны бацька — заслужаны артыст Беларусі Эдуард Гарачы, служыць у Рускім тэатры, маці — гісторык, працавала ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, у Нацыянальным архіве Беларусі. Канстанцін скончыў Менскую музычную вучэльню імя Глінкі па клясе фартэпіяна. У 18 гадоў малады таленавіты музыка трапіў у Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга. Ён адзін з заснавальнікаў гурту “Apple Tea”. Працаваў зь вядомымі беларускімі і ўсясьветнымі музыкамі і гуртамі, граў на круізных лайнэрах, шмат вандраваў па сьвеце.