Урад Расеі праз санкцыі забараніў вываз замежных мэдыцынскіх вырабаў

Мэдыцынскае абсталяваньне кампаніі Siemens, Перм, 28 лютага 2012.

У Расеі ўведзеная часовая забарона на вываз з краіны замежных мэдыцынскіх вырабаў, якія былі дастаўлены з дзяржаваў, якія далучыліся да санкцый. Пастанову аб гэтым падпісаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін.

Гаворка ідзе аб вырабах, якія зараз знаходзяцца на складах імпарцёраў або праходзяць мытныя працэдуры. Ва ўрадзе мяркуюць, што такое рашэньне «дазволіць не дапусьціць дэфіцыту мэдыцынскіх вырабаў на тэрыторыі Расеі з прычыны ўведзеных абмежавальных мер з боку недружалюбных дзяржаў».

Забарона не распаўсюджваецца на фізычных асоб — яны змогуць вывозіць мэдыцынскія вырабы для асабістага выкарыстаньня.

7 сакавіка Расея ўнесла ў сьпіс «недружалюбных краін» 50 дзяржаў, якія раней увялі супраць Расеі санкцыі ў сувязі з уварваньнем на тэрыторыю Ўкраіны або падтрымалі іх. У сьпіс уключаны краіны Эўразьвязу, Вялікабрытанія, Канада, ЗША, Японія, Швайцарыя, Мікранэзія і Сан-Марына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн, Джонсан, Шольц і Макрон дамовіліся пра далейшае падвышэньне цаны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну