Фінскі канцэрн Olvi, які валодае «Лідзкім півам», абвясьціў пра сыход зь Беларусі. Таксама кампанія спыніць экспарт сваёй прадукцыі ў Расею, паведамляецца на сайце канцэрну.
«Сытуацыя ва Ўкраіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Ўкраіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасьці з каштоўнасьцямі Olvi, і гэта адзінае разумнае рашэньне для забесьпячэньня доўгатэрміновай і адказнай дзейнасьці», — сказаў Пэнці Хакарайнен, старшыня праўленьня Olvi.
Пакуль канцэрн працягне плаціць заробак 840 супрацоўнікам заводу ў Лідзе, але ад сёньняшняга дня афіцыйна пачынае згортваньне свайго бізнэсу.
«Прадпрыемства будзе працягваць працаваць і вырабляць напоі на беларускі рынак, — сказаў генэральны дырэктар ААТ „Лідзкае піва“ Аўдрыюс Мікшыс. — Нашы супрацоўнікі будуць працягваць атрымліваць заработную плату ў поўным аб’ёме. Працэс выхаду Olvi Plc з акцыянэраў можа заняць ад 6 да 12 месяцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін зь вядучых беларускіх стартапаў OneSoil выйшаў з ПВТ і перавёў асноўную працу за мяжу«Лідзкае піва» складае пятую частку даходу ўсёй кампаніі Olvi, якая таксама валодае піўзаводамі ў Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літве. У свой час фіны прыйшлі на беларускі рынак толькі пасьля таго, як дзяржава пагадзілася на іхныя умовы перадаць Olvi кантрольны пакет акцый заводу.
На гэтым тыдні «Лідзкае піва» страціла рынак у Польшчы, куды актыўна пастаўляўся «Лідзкі квас». Крамы прадаюць апошнюю прадукцыю, а новую перасталі закупляць.
«Лідзкае піва» ўдзельнічала ў шэрагу грамадзка значных праектаў. У прыватнасьці, нацыянальнага кірунку. Кампанія дапамагала праводзіць агульнабеларускую дыктоўку і рэклямавала сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР, праводзіла буйны музычны фэстываль. На завод, на якім, акрамя піва і квасу, рабілі ліманады і іншую прадукцыю, вадзілі экскурсіі з дэгустацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піўная мапа Беларусі: Ад заводаў да крафту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ёсьць пагроза жыцьцю, то ня думаеш пра нізкія падаткі». Былы чыноўнік Яўген Буры расказаў пра беларускі бізнэс за мяжой