Радыё Вольная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) прыпыніла працу ў Расеі пасьля таго, як 4 сакавіка мясцовыя падатковыя органы заявілі аб банкруцтве расейскай юрыдычнай асобы Радыё Свабода і паліцыя ўзмацніла ціск на журналістаў.
«Гэтыя атакі Крамля на здольнасьць Радыё Свабода дзейнічаць у Расеі зьяўляюцца кульмінацыяй працяглай кампаніі ціску на Радыё Свабода, якое падтрымлівае фізычную прысутнасьць у Расеі ад 1991 году, калі стварыла сваё маскоўскае бюро на запрашэньне тагачаснага прэзыдэнта Барыса Ельцына», — гаворыцца ў заяве ад 6 сакавіка.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 4 сакавіка падпісаў закон, паводле якога любы журналіст, які адхіляецца ад поглядаў Крамля на вайну супраць Украіны, можа быць асуджаны на зьняволеньня да 15 гадоў. Паколькі журналісты Радыё Свабода працягваюць расказваць праўду пра ўварваньне, кампанія плянуе паведамляць пра гэтыя падзеі з-за межаў Расеі.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай пракамэнтаваў рашэньне карпарацыі.
«З глыбокім шкадаваньнем я абвяшчаю аб прыпыненьні нашай фізычнай дзейнасьці ў Маскве сёньня. Гэтае рашэньне было прынятае Радыё Свабода супраць нашай волі, гэтае рашэньне нам навязалі праз наступ рэжыму Пуціна на праўду... Мы будзем працягваць распаўсюджваць нашыя рэпартажы расейскай аўдыторыі і выкарыстоўваць усе магчымыя плятформы, каб дастукацца да іх, калі яны маюць патрэбу ў нашай журналістыцы найбольш. Нягледзячы на гэты змрочны момант, мы ведаем з 70-гадовай гісторыі нашай арганізацыі, што аднойчы, магчыма, раней, чым многія думаюць, мы зможам зноў адкрыць свой офіс у Расеі. Час на баку свабоды, нават у пуцінскай Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Роскомнадзор» заблякаваў яшчэ каля 10 выданьняў, у тым ліку праекты Радыё Свабода і рэгіянальныя расейскія СМІДзевяць расейскамоўных сайтаў праектаў Радыё Свабода заблякаваныя за апошні тыдзень пасьля таго, як RFE/RL адмовілася выканаць патрабаваньне маскоўскага ўраду выдаліць інфармацыю пра ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. У ноч з 3 на 4 сакавіка расейскія ўлады заблякавалі доступ да сайтаў і праектаў Радыё Свабода ў Расеі, у тым ліку да кругласуткавай расейскамоўнай тэлесеткі «Настоящее время», створанай у супрацоўніцтве з «Голасам Амэрыкі».
Радыё Свабода вяшчае для расейскай аўдыторыі з 1 сакавіка 1953 году. У пэрыяд зь лістапада 1988 году па жнівень 1991 году, калі палітыка «галоснасьці» савецкага лідэра Міхаіла Гарбачова ўмацоўвалася, расейская служба стварыла сетку з 400 чалавек па ўсёй тэрыторыі СССР і больш за 40 чалавек у Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Globalcheck: у Расеі перасталі адкрывацца Twitter, Facebook, «Медуза», BBC, Радыё Свабода і DW