Зяленскі распавёў пра сытуацыю ва Ўкраіне кангрэсмэнам ЗША

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі падчас дыстанцыйнай размовы з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі дыстанцыйна паразмаўляў з прадстаўнікамі абедзьвюх палат Кангрэсу Злучаных Штатаў, паведамляе ягоная прэс-служба.

Як паведамляецца, да размовы далучылася больш за 200 прадстаўнікоў абедзьвюх амэрыканскіх партый.

«Прэзыдэнт распавёў пра становішча ў краіне, аб ходзе баявых дзеяньняў. У прыватнасьці, ён акцэнтаваў увагу на ваенных злачынствах, учыненых расейскім войскам: абстрэлах школ, жылых дамоў, дзіцячых садкоў, цэркваў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад ракетных абстрэлаў пацярпеў мэмарыял „Бабін Яр“, у выніку чаго загінулі цывільныя грамадзяне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Зяленскі таксама зьвярнуў увагу на пагрозу для хімічных і ядзерных аб’ектаў, нагадаўшы аб тым, што расейскія войскі захапілі кантроль над Чарнобыльскай і Запароскай атамнымі электрастанцыямі і рухаюцца ў кірунку Паўднёваўкраінскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад коміка да лідэра нацыі. Гісторыя Ўладзіміра Зяленскага. ВІДЭА

Зяленскі чарговы раз сказаў пра неабходнасьць бясьпекі ў небе над Украінай, якую можна забясьпечыць як праз закрыцьцё паветранай прасторы, гэтак і праз пастаўкі самалётаў "савецкай вытворчасьці з краінаў, якія да гэтага часу іх эксплюатуюць". Ён таксама заклікаў і надалей узмацняць санкцыйны ціск на Расею.

На думку Уладзіміра Зяленскага, дадатковымі дзейснымі санкцыямі былі б эмбарга на імпарт усёй расейскай прадукцыі і пазбаўленьне статус найбольшага спрыяньня. Кангрэсмэны задалі Уладзіміру Зяленскаму пытаньні і паабяцалі даць Украіне ўсю магчымую дапамогу», — дадаюць у Офісе прэзыдэнта Ўкраіны.

Раней шэраг лідэраў заходніх краінаў і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявілі, што ўвядзеньне беспалётнай зоны азначала б прамы канфлікт NATO з Расеяй. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што будзе разглядаць спробы ўстанаўленьня беспалётнай зоны іншымі краінамі як удзел ва ўзброеным канфлікце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: РФ будзе разглядаць спробы іншых краін устанавіць беспалётную зону над Украінай як удзел у ваенных дзеяньнях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША: Украіна мае ўсе шанцы перамагчы Расею