ЗША ўводзяць экспартныя абмежаваньні супраць больш як 90 зьвязаных з Расеяй арганізацый і асоб

Вежы маскоўскага Крамля, 21 студзеня 2022 году

Большасьць зь іх, а менавіта 81, зарэгістраваныя або базуюцца ў Расеі.

Як перадае ТАСС, міністэрства гандлю ЗША з прычыны сытуацыі вакол Украіны ўводзіць рэжым больш жорсткага экспартнага кантролю ў адносінах да 91 арганізацыі і асобы, зьвязаных з РФ. Апавяшчэньне аб гэтым паступіла ўвечары ў чацьвер у электронную базу Фэдэральнага рэестра — зборніка дакумэнтаў амэрыканскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

«Урад ЗША лічыць, што дзейнасьць гэтых суб’ектаў супярэчыць інтарэсам зьнешняй палітыкі і нацыянальнай бясьпекі ЗША. [Яны] удзельнічалі, рабілі ўклад або іншым чынам падтрымлівалі расейскія службы бясьпекі, вайсковы і абаронны сэктары, а таксама вайсковыя і абаронныя дасьледаваньні і распрацоўкі», — гаворыцца ў дакумэнце.

У ім тлумачыцца, што ўсяго ў сьпіс тых, у адносінах да каго дзейнічае больш жорсткі рэжым экспартнага кантролю, унесена 91 найменьне. Большасьць зь іх — 81 — зарэгістраваныя або базуюцца ў Расеі. Некаторыя з падпаўшых пад абмежаваньні суб’ектаў маюць прадстаўніцтвы ў іншых краінах або зарэгістраваныя за межамі РФ: у Бэлізе, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Казахстане, Латвіі, на Мальце, у Сынгапуры, Славаччыне і Эстоніі.

«Гэтая пастанова ўключае суб’екты ў шэрагу саюзных краін, сярод якіх ёсьць члены ЭЗ і NATO, аднак яна не зьяўляецца мерай супраць гэтых краін, у якіх разьмешчаныя або зарэгістраваныя гэтыя суб’екты. Гэтая пастанова дзейнічае толькі адносна пералічаных асоб», — тлумачаць амэрыканскія ўлады.

Адносна 86 арганізацый і асоб, якія падпалі пад абмежавальныя меры, будзе дзейнічаць палітыка адмовы ў прадстаўленьні экспартнай ліцэнзіі. У адносінах яшчэ пяці суб’ектаў — холдынгу «Расейскія касьмічныя сыстэмы», кампаній «Элара», «Элемент», «Радиоавтоматика» і АТ «Научно-исследовательский институт «Субмикрон» — таксама ў цэлым будзе дзейнічаць палітыка адмовы ў выдачы экспартнай ліцэнзіі, аднак магчымыя выключэньні, калі гаворка будзе ісьці аб «касьмічных праграмах, якія падтрымліваюцца ўрадам ЗША».

  • Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў ноч на 24 лютага ЗША, Эўразьвяз, Вялікабрытанія, Канада і Японія ўвялі некалькі этапаў жорсткіх эканамічных санкцый супраць Расеі, якія называюць разбуральнымі. У тым ліку 28 лютага Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць Банку Расеі, расейскіх міністэрства фінансаў і Фонду нацыянальнага дабрабыту, а таксама Расейскага фонду прамых інвэстыцыяў.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.