Усю ноч каля Запароскай АЭС у Энэргадары ішлі баі ўкраінскіх войскаў з расейскімі інтэрвэнтамі. Па словах прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, расейцы з танкаў абстралялі АЭС і выклікалі на ёй пажар. Рабілася гэта знарок.
Затым доўгі час баі не дазвалялі пажарным выехаць на месца здарэньня. Загарэўся адміністрацыйны корпус, папярэднія паведамленьні пра параненых і цяжка параненых пакуль не пацьвердзіліся. Як заявілі ў МАГАТЭ, агонь не закрануў істотнага абсталяваньня, пашкоджаньне якога магло б прывесьці да экалягічнай трагедыі. Аднак агенцтва перавяло маніторынг сытуацыі ў рэжым 24/7.
«Пэрсанал заводу прыме зьмякчальныя захады», — расказалі ў МАГАТЭ.
На раніцу 4 сакавіка генэральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Марыяна Гросі прызначыў прэс-канфэрэнцыю аб сытуацыі на Запароскай АЭС.
На АЭС у Энэргадары 6 энэргаблёкаў. Іх пашкоджаньне можа выклікаць экалягічную катастрофу, большую за аварыю на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Расейская прапаганда распаўсюдзіла інфармацыю пра захоп сваімі войскамі Запароскай АЭС у першы дзень вайны, але гэта была дэзынфармацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Энэргадара ля Запарожжа заблякавалі падыходы ў горад і ратуюць АЭС ад расейскага дэсанту