Сілавікі затрымалі Мікалая 1 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску за тое, што фатаграфаваў жанчыну, якая стаяла з плякатам «Остановите войну» і жоўта-блакітнымі балёнікамі.
У Цэнтральным РУУС на яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызнаў вінаватым Мікалая і арыштаваў яго на 15 дзён. Жанчыну з плякатам учора пакаралі штрафам у 3040 рублёў.
Маладому чалавеку, які ўчора на праспекце Незалежнасці зладзіў адзіночны антываенны пікет, прысудзілі 30 дзён арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 98% апытаных лічаць катастрофай удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі, — вынікі «Народнага апытаньня»АМАП у Менску затрымаў маці беларускіх салдатаў, якія маліліся ў царкве за мір
Сёньня ў Катэдральным саборы на Нямізе ў Менску сабраліся маці беларускіх салдатаў — жанчыны хацелі памаліцца за мір. Раней яны між сабой не былі знаёмыя, піша «Вясна».
Жанчыны былі без плякатаў, бо прыйшлі ў храм выключна на малітву.
Відавочцы паведамляюць, што ў самой царкве было шмат «ціхароў» (яны рабілі выгляд, што прыйшлі сям’ёй у царкву, але людзі бачылі ў іх рацыі), а каля будынку дзяжурыў АМАП. Паведамляюць, што пазьней пачаліся затрыманьні. Сьвятар з сабору прасіў сілавікоў адпусьціць людзей, але яны адмовіліся. На гэты момант праваабаронцам вядома прынамсі пра трох затрыманых жанчын.
Затрымалі журналістку газэты «Новы Час» Дыяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру
Журналістку газэты «Новы Час» Дыяну Серадзюк і яе мужа, грамадзкага актывіста Яўгена Батуру затрымалі, і да суду трымаюць у Цэнтральным РАУС, – паведаміла пісьменьніца Ганна Севярынец. Прычына затрыманьня невядомая.
У Берасьці судзяць затрыманых 27–28 лютага
Праваабаронцы паведамляюць, што за спробу сабрацца на антываенную акцыю пратэсту 28 лютага паводле ч. 1 арт. 24.23 (удзел у масавых мерапрыемствах) 2 сакавіка асудзілі Сьвятлану Кудынюк на 14 дзён арышту (судзьдзя Куроўскі). Судзьдзя Шурын асудзіў :
- Вікторыю Васілеўскую — 50 базавых велічыняў штрафу (1600 рублёў);
- Аляксандра Клімука — 70 базавых велічыняў штрафу (2240 рублёў);
- Цімура Лозку — 50 базавых велічыняў штрафу (1600 рублёў).
У судзе над жонкай Цімура Вольгай Лозкай перапынак да 3 сакавіка.
- Алену Палянскую асудзілі на 90 базавых велічыняў штрафу (2880 рублёў)
- Яе дачку Марыю Палянскую на 80 базавых велічыняў штрафу (2560 рублёў);
Таксама вядома пра яшчэ 3 рашэньні судзьдзі Шурына: 70 і 80 базавых велічыняў двум мужчынам і 4 дні арышту яшчэ аднаму затрыманаму. Іх прозьвішчы высьвятляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не — вайне!» Жанчыны ў белым і чырвоным правялі антываенную акцыю ў Менску. ФОТАУ Наваполацку, дзе ў нядзелю затрымалі каля 80 чалавек, жыхароў караюць арыштам
У Наваполацку 27 лютага на выбарчых участках прайшлі масавыя затрыманьні. Затрымлівалі ўсіх, хто даставаў тэлефон і фатаграфаваў, паведамляе «Вясна».
Агулам у мясцовы ГАУС даставілі каля 80 чалавек. Там на іх складалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне), а таксама арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Судзіць затрыманых пачалі яшчэ 28 лютага. Вядома, што Вольгу Брыцікаву арыштавалі на 15 дзён за фота бюлетэня на выбарчым участку. Ганну Доі таксама пакаралі 15-дзённым арыштам, а 1 сакавіка яшчэ правялі ператрус у яе кватэры. Віктара Русецкага, Арцёма Акасевіча і Цімафея Нікіпяровіча арыштавалі на 15, а Віктара Акасевіча — на 30 содняў.