«Марадэрства, гвалт, выкраданьні». Зяленскі расказаў парлямэнту Швэцыі пра дзеяньні расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародную супольнасьць штотыдзень уводзіць дадатковыя санкцыі супраць Расеі, каб спыніць вайну ва Ўкраіне і ня даць магчымасьці аднавіцца расейскай «вайсковай машыне».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародную супольнасьць штотыдзень уводзіць дадатковыя санкцыі супраць Расеі, каб спыніць вайну ва Ўкраіне і ня даць магчымасьці аднавіцца расейскай «вайсковай машыне».

«Паглядзіце, што ўжо зрабілі расейскія вайскоўцы ў нашай дзяржаве. Восем гадоў вайны на ўсходзе, акупацыя Крыму, катаваньні людзей, падаўленьне любых праяваў свабоды і разнастайнасьці. Месяц поўнамаштабнай вайны — татальная жорсткасьць, бамбаваньне мірных гарадоў — такое ж страшэннае, як было ў Сірыі, выкраданьне дзяцей, прымусовае перамяшчэньне дарослых і дзяцей у Расею. Гвалтаваньне ў акупаваных раёнах, маштабнае марадэрства расейскіх вайскоўцаў. Дзясяткі тысяч сьмерцяў», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў часе выступу перад парлямэнтам Швэцыі ў фармаце відэасувязі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада просіць увесьці ва Ўкраіну міратворцаў ААН

Прэзыдэнт Украіны падзякаваў Швэцыі за вайсковую і санкцыйную дапамогу, але перакананы, што толькі моцны ціск можа прымусіць Расею шукаць мір:

«Іншую мову, чым эфэктыўныя санкцыі кіраўніцтва Расеі не разумее. Але каб гэты шлях стаў хутчэйшым, патрэбна санкцыйныя пакеты ўхвальваць штотыднёва. Ніводнага барэля расейскай нафты, ніводнага заходу расейскіх судоў у вашыя парты, ніводнага эўра падаткаў з вашых кампаній у Расеі — яе вайсковая машына мусіць застацца без сродкаў для існаваньня», — заклікаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў Нямеччыну за супрацу з Расеяй: «Паўночны паток – 2» — зброя і падрыхтоўка да новай вайны

Уладзімір Зяленскі прапанаваў Швэцыі далучыцца да вялікай праграмы па аднаўленьні пасьляваеннай Украіны:

«Я запрашаю швэдзкіх архітэктараў, швэдзкія кампаніі, швэдзкую дзяржаву і ваш народ узяць удзел у гэтым гістарычным праекце аднаўленьня. Швэцыя можа ўзяць шэфства над горадам, рэгіёнам ці галінай для аднаўленьня. Упэўнены, што вашае лідэрства будзе незаменным — вашы тэхналёгіі, бізнэс, ваша любоў да жыцьця і ўменьне арганізаваць прастору ў інтарэсах людзей», — прапанаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі кожны дзень зьвяртаецца да міжнародных партнэраў Украіны, каб расказаць пра вынікі расейскай вайны ва Ўкраіне і заклікаць да ўзмацненьня санкцый супраць Расеі. Ён выступаў перад парлямэнтамі ЗША, Францыі, Японіі, Італіі, Ізраілю і іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнту Японіі і заклікаў дапамагчы пазьбегнуць ядзернай катастрофы

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.