Доктар Мартаў выйшаў на волю

Уладзімер Мартаў

Арыштаваны на 7 дзён за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы доктар Уладзімер Мартаў выйшаў на волю.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Алена:

«Мой муж Уладзімер Юравіч Мартаў выйшаў на волю пасьля 7 дзён адміністрацыйнага арышту. Бадзёры, здаровы, уражаны новым досьведам. Усім вялікі дзякуй за падтрымку. Салідарнасьць важная!»

Уладзімера Мартава асудзілі нібыта за «парушэньне парадку пікетаваньня» (артыкул 24.23 КаАП). Справу Ўладзімера Мартава разглядалі ў Лепельскім раённым судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 сакавіка: Затрымалі жанчыну зь дзяўчынкай; АМАП затрымаў 7 вучняў Ліцэю БДУ

З словаў Алены Мартавай, парушэньнем прызналі тое, што на аватарцы лекара разьмешчаны бел-чырвона-белы сьцяжок.

«Таксама пытаньні выклікала нейкая песьня — ці то разьмешчаная Ўладзімерам на сваёй старонцы як допіс, ці то запісаная на нейкім дыску, які ў яго забралі пры затрыманьні», — паведамляла віцебская журналістка Тацяна Мацьвеева.

«Вінаватым сябе муж на судзе не прызнаў», — адзначыла Алена Мартава пасьля судовага працэсу.

Віцебскага доктара Ўладзімера Мартава затрымалі 22 лютага на ягоным лецішчы пад Лепелем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктару Мартаву, які расказаў праўду пра каранавірус, далі 7 дзён арышту за нацыянальны сьцяжок на аватарцы

Уладзімер Мартаў стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі.

Неўзабаве споўніцца год, як прадстаўніку знакамітай віцебскай дынастыі лекараў, кандыдату мэдычных навук, загадчыку аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімеру Мартаву не падоўжылі кантракт.

На Радыё Свабода выйшаў цыкль падкастаў з доктарам Мартавым пра каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне сярод узнагароджаных, дзякуй Богу, не было». Апошні эпізод першага сэзону падкасту доктара Мартава