Пра гэта напісала ў Facebook журналістка Тацяна Мацьвеева са спасылкай на жонку лекара Алену Мартаву. Справу Ўладзімера Мартава разглядалі ў Лепельскім раённым судзе.
З словаў Алены Мартавай, парушэньнем прызналі тое, што на аватарцы лекара разьмешчаны бел-чырвона-белы сьцяжок.
«Таксама пытаньні выклікала нейкая песьня — ці то разьмешчаная Ўладзімерам на сваёй старонцы як допіс, ці то запісаная на нейкім дыску, які ў яго забралі пры затрыманьні», — напісала Тацяна Мацьвеева.
«Вінаватым сябе муж на судзе не прызнаў», — адзначыла Алена Мартава. Яго пакаралі 7 днямі арышту.
22 лютага затрымалі віцебскага доктара Ўладзімера Мартава. Гэта адбылося на ягоным лецішчы пад Лепелем.
Алена Мартава 23 лютага паехала да мужа ў Лепель перадаць лекі. Ён гіпэртонік. Сваякі здолелі перадаць Мартаву лекі, у якіх ён мае патрэбу штодня.
Уладзімер Мартаў стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі.
Неўзабаве споўніцца год, як прадстаўніку знакамітай віцебскай дынастыі лекараў, кандыдату мэдычных навук, загадчыку аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімеру Мартаву не падоўжылі кантракт.
На Радыё Свабода выйшаў цыкль падкастаў з доктарам Мартавым пра каранавірус.