Вайна Расеі супраць Украіны працягваецца шосты дзень. Дагэтуль удзел Беларусі ў ёй быў не наўпроставым — расейскія войскі абстрэльвалі тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі, у паветранай прасторы Беларусі расейскія самалёты запускалі ракеты па Ўкраіне, таксама зьявіліся сьведчаньні, што параненых расейскіх салдатаў лечаць у Гомлі і Мазыры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прывезьлі — хто без вачэй, хто без вушэй». У шпіталях Гомельскай вобласьці шмат параненых расейскіх вайскоўцаўПаведамленьні аб магчымым удзеле беларусаў у наземнай апэрацыі супраць Украіны на яе тэрыторыі зьявіліся 1 сакавіка. Іх распаўсюдзіў прэсавы сакратар рэгіянальнага ўпраўленьня сілаў тэрытарыяльнай абароны «Поўнач» Віталь Кірылаў. Інфармацыя з спасылкай на яго зьявілася нават на Euronews.
Разьбіраемся, што адбылося папраўдзе.
Што сьведчыць пра знаходжаньне беларускіх вайскоўцаў ва Украіне?
І Віталь Кірылаў, і іншыя крыніцы ў паведамленьнях аб беларускіх вайскоўцах на тэрыторыі Ўкраіны спасылаюцца на неафіцыйныя пазнакі вайсковай тэхнікі краіны-агрэсара. Сымбалі «Z», «V» і «Z» у белай рамцы, сапраўды, можна пабачыць на шматлікіх фатаздымках, зробленых апошнімі днямі ва Ўкраіне.
Украінскія СМІ і тэлеграм-каналы распаўсюдзілі табліцы, згодна зь якімі такія сымбалі абазначаюць прыналежнасьць расейскай тэхнікі да пэўнага рэгіёну пачатковай дысьлякацыі, а таксама да кірунку ўварваньня ва Ўкраіну. Напрыклад, сымбаль «Z», узяты ў белую рамку, нібыта абазначае часткі, якія прарваліся з боку акупаванага Расеяй Крыуа. А «V» — расейскія войскі, якія зайшлі на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі. Згодна з гэтай клясыфікацыяй, сымбаль «О», намаляваны на вайсковай тэхніцы, нібыта абазначае часткі беларускай рэгулярнай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт прыняў да разгляду заяўку Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе. Перад гэтым дэпутаты выслухалі Зяленскага. ВІДЭАЦі гэта сапраўды так і ці бачылі недзе такую тэхніку?
Ніякіх афіцыйных пацьверджаньняў такіх абазначэньняў вайсковай тэхнікі, што ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны, няма. Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі ніяк не камэнтуюць сваіх сумесных дзеяньняў пасьля афіцыйнага завяршэньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» 20 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі: Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма беларускіх вайскоўцаўАдзіным больш-менш дакладным спосабам ідэнтыфікаваць вайсковую тэхніку ёсьць афіцыйныя абазначэньні прыналежнасьці да пэўнай вайсковай часткі альбо сама сымболіка роду войскаў і частак. Экспэрты Conflict Intelligence Team ужо ідэнтыфікавалі такім чынам некаторыя з частак расейскай рэгулярнай арміі, якія ўдзельнічаюць у вайне. Беларускіх частак сярод іх няма.
Ідэнтыфікаваць прыналежнасьць вайсковай тэхнікі таксама можна па аўтамабільных нумарах (у беларускай яны падобныя да цывільных, зь літарай «О» замест нумару рэгіёну) альбо па нумарах на самой тэхніцы, аднак у большасьці выпадкаў тэхніка боку, які атакуе, ня мае такіх пазнак.
Пры гэтым вайсковая тэхніка з шыфрам «О» на корпусе сапраўды існуе, яе бачылі ў пасёлку Церахоўка Добрускага раёну. Каму дакладна яна належыць, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я стаў больш вольным». Як беларус абараняе ЎкраінуЯкая імавернасьць таго, што войскі Беларусі могуць далучыцца да дзеяньняў на ўкраінскай тэрыторыі?
Кіраўнік незалежнай расьсьледніцкай групы Bellingcat Хрыста Грозеў 1 сакавіка ў эфіры каналу Настоящее время назваў такую імавернасьць вельмі высокай. На яго думку, ва ўцягваньні беларускай рэгулярнай арміі ў канфлікт асабіста зацікаўлены Ўладзімір Пуцін. Гэта дазволіць яму яшчэ мацней прывязаць да сябе Лукашэнку, у якога пасьля адкрытага ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны зусім не застанецца поля для манэўраў.
Сам Лукашэнка пакуль удзел беларускіх вайскоўцаў у баях на тэрыторыі Украіны катэгарычна адмаўляе.
Распазнаць беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны можна будзе і без апазнавальных знакаў. Беларускае войска мае на ўзбраеньні пераважна тэхніку яшчэ савецкай вытворчасьці. Існуюць мадэлі альбо варыянты зброі, якія стаяць на ўзбраеньні толькі ў Беларусі. Гэта ў першую чаргу вайсковыя грузавікі МАЗ, браневікі вытворчасьці МЗКТ, сыстэмы «Палянэз» і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што Беларусь ня будзе ваяваць з Украінай, але прывёў у гатоўнасьць СПА, каб «не дапусьціць удараў у сьпіну расейцам»Што пішуць у сацыяльных сетках вайсковых частак і родныя беларускіх жаўнераў
Беларусы ўсё часьцей абмяркоўваюць магчымую мабілізацыю ў шэрагі Ўзброеных сілаў, зьвязаную з будучым адкрытым уступленьнем Беларусі ў вайну супраць Украіны. Афіцыйных зьвестак пра яе пачатак зноў жа няма. Вядома толькі аб прызыве на зборы 150 афіцэраў запасу, гэта звычайная для беларускага войска практыка.
Тым ня менш родныя вайскоўцаў тэрміновай службы ўжо пачынаюць хвалявацца и спрабуюць аб’ядноўвацца. «Шукаю бацькоў, чые сыны служаць з маім сынам: Віцебск, 103-я асобная брыгада ПДВ, 3-я рота, 3-е падразьдзяленьне», — такую абвестку можна пабачыць у «Інстаграме».
На старонках «ВКонтакте», якія аб’ядноўваюць былых службоўцаў асобных частак беларускага войска альбо родных тых, хто цяпер служыць, зьвестак пра магчымае выпраўленьне беларусаў ва Ўкраіну пакуль няма. Можна пабачыць толькі заклікі ня ўдзельнічаць у вайне альбо адразу здавацца ў палон украінцам.
«Кантрактнікі УС РБ!!! Ня едзьце ва Ўкраіну на дакладную сьмерць і вечную ганьбу! — заклікаюць у адным з такіх допісаў. — А то будзеце, як расейцы, якіх кінула камандаваньне і кіраўніцтва краіны. Дэзэртуйце ці здавайцеся ў палон украінскім вайскоўцам, з вамі паступяць гуманна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Задача — прыкрываць расейскія войскі». Што адбываецца ў беларускай арміі?Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.