У пункце прыёму ўцекачоў украінцаў сустракаюць валянтэры і шмат ахвочых завезьці іх у Аўстрыю, Чэхію, Нямеччыну, Эстонію.
Палякі арганізавалі перавоз людзей на аўтобусах ад мяжы. Іх бясплатна кормяць і даюць жытло.
Сытуацыя на ўкраінскім баку драматычная. Людзі зьнясіленыя, стомленыя, часта бракуе ежы. Рэчы яны проста выкідаюць на ўзбочыны.
Цяжарная жыхарка Цярнопалю Надзея, якой праз месяц нараджаць, перайшла празь мяжу з малымі дзецьмі. Іх у сям’і трое. Яны чатыры дні дабіралася да Польшчы.
«Людзей вельмі шмат. Мы за ноч праяжджалі толькі па два кілямэтры. Межы ўсе перапоўненыя... Ён бамбіць, страляе, людзі сядзяць па сутарэньнях. Я не хачу нараджаць у падвале будучыню Ўкраіны. Дачка, пяць гадоў, прачынаецца і пытае, ці пойдзем мы сёньня ў падвал. Гэта страшна. У дзяцей парушаецца псыхіка праз гэтую псыхічна хворую асобу, якая нас бамбіць. Але я веру ў перамогу, веру ў нашага прэзыдэнта — ён выстаіць. У нас усе мужчыны бяруць зброю ў рукі. Мы выстаім і вернемся ў Украіну», — кажа Надзея.
Украінка Мар’яна — псыхоляг. Яна перайшла мяжу і засталася працаваць у лягеры валянтэркай. Мар’яна дапамагае людзям справіцца псыхалягічна з той драмай, якую перажываюць цяпер мільёны ўкраінцаў.
«Сумна, што так шмат дзяцей, людзей сутыкаюцца з такім досьведам, моцна траўматычным. У людзей моцная паніка, страх, трывога. Вялізныя натоўпы людзей, яны ня ведаюць, што рабіць, штурханіна. Людзі намагаюцца прайсьці ў вузкія вароты, натоўп выходзіць з-пад кантролю. Дзеці многія не маглі рухацца. Плюс надвор’е пагоршылася — яшчэ і холад. Стомленасьць, няма дастаткова ежы. Гэта была пагроза як фізычнаму, так і псыхічнаму здароўю людзей. Хай людзі дзеляцца сваім досьведам, праяўляюць эмоцыі, ня будуць сам-насам — гэта важна», — параіла Мар’яна.