Вайна Расеі супраць Украіны пачалася ўначы 24 лютага. Расейскія войскі перайшлі мяжу з Украінай у тым ліку з тэрыторыі Беларусі — у раёне чарнобыльскай зоны. У наступныя дні ўкраінскі бок некалькі разоў паведамляў пра пускі ракет на тэрыторыю Украіны, якія адбываліся зь Беларусі. Гэта спачатку ўскосна падцьвердзілі відавочцы, якія бачылі запускі ў ваколіцах Калінкавічаў і Мазыра. Пазьней гэта пацьвердзіў і сам Лукашэнка, які у дзень галасаваньня на рэфэрэндуме прызнаўся, што расейцы «запусьцілі 2-3 ракеты» зь беларускай тэрыторыі. Усё гэта за лічаныя дні кардынальна зьмяніла стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Украіна кажа, што беларускія войскі рухаюцца да мяжы. Хроніка расейскай агрэсіі 28 лютага«Стаўленьне да беларускіх нумароў мянялася літаральна штогадзіны»
Журналіст і праваабаронца Яўген Малахоўскі жыве ва Ўкраіне зь лістапада 2020 году, калі быў вымушаны ўцячы ад перасьледу ў Беларусі. Зьехаць з Кіева ён вырашыў у першыя гадзіны вайны.
«У 5:20, па-мойму, гэта было, — расказвае Яўген. — Я прачнуўся ад таго, што прайшла ўдарная хваля. Я жыў ля станцыі мэтро „Харкаўская“, гэта ў бок Барыспаля. Так разумею, што Барыспаль пачалі бамбіць бесьпілётнікі. Паглядзеў у вакно і пабачыў, што людзі пачалі панікаваць. Праспэкт быў увесь у заторах, гэта а 5-й раніцы. Я зразумеў, што справа дрэнь».
Яўген кажа, што сабраў рэчы за гадзіну, сеў у свой аўтамабіль і паехаў на захад. Машыну яму ўвосень 2021 году перагналі бацькі зь Менску. На ёй беларускія нумары з чырвона-зялёным сьцяжком.
«Стаўленьне да маіх нумароў мянялася літаральна штогадзіны, — узгадвае ён. — Я пастаянна меў праблемы. Ува мне мясцовыя пачалі бачыць ворага. Паліцыя таксама. Блёк-пасты было вельмі складана праяжджаць. Пагатоў я ехаў адзін у машыне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларусы і ўкраінцы зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў, каб тыя не падтрымлівалі Расею ў агрэсіі супраць Украіны. ВІДЭАЗ словаў Малахоўскага, ехаць увесь час па трасе было немагчыма, перашкаджалі заторы. Таму ён зьяжджаў на меншыя лякальныя трасы. У выніку яго машыну спыніла паліцыя. Беларуса выцягнулі з аўтамабіля, адвезьлі ў аддзяленьне паліцыі ў Наваградзе-Валынскім, дзе дапыталі і ўзялі адбіткі пальцаў.
«Я проста ехаў па дарозе, калі мне насустрач выехала паліцэйская машына, — расказвае Яўген. — Адтуль выбеглі чацьвёра паліцыянтаў са зброяй. Акружылі маю машыну, сказалі пакласьці рукі на дах. Усе дакумэнты забралі, доўга правяралі аўтамабіль. Адзін абшукваў мяне, іншыя зь пісталетамі стаялі вакол. Я спытаў, у чым рэч. Яны адказалі, што ад мясцовых жыхароў паступіў сыгнал, што па дарозе едзе дывэрсант зь беларускімі нумарамі».
«Акружалі людзі з палкамі і паляўнічымі стрэльбамі»
Зь Яўгенавых словаў, паліцыя паводзіла сябе вельмі нэрвова. Крыху супакоіліся ўкраінскія праваахоўнікі, толькі калі знайшлі дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне і дакумэнты аб рэгістрацыі. Беларус таксама мусіў тлумачыць, што ён журналіст, і паказваць інтэрнэт-публікацыі аб сваім затрыманьні ў Беларусі. Яўген перакананы, што дапамагло яму толькі гэта.
«Пакуль мяне везьлі ў паліцыю, то задавалі вельмі шмат пытаньняў пра Беларусь, — кажа Яўген. — Яны ня ведалі, што адбываецца ў Беларусі і што беларусы робяць ва Ўкраіне. Пасьля ў мяне пачаліся праблемы на кожным блёк-пасьце. Я выходзіў з машыны, а мяне акружалі людзі з палкамі, з паляўнічымі стрэльбамі. Усе дарогі цяпер там перакрытыя мясцовымі жыхарамі, і часта яны настроеныя вельмі агрэсіўна да беларусаў».
«Стараесься ставіць сябе на месца украінцаў»
Андрэй (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) пражыў у Кіеве крыху больш за паўгоду, прыехаў у чэрвені 2021-га. Працаваў у Кіеве ў фірме, як ён сам кажа, «не на шараговай пасадзе». Зьяжджаць вырашыў у першы дзень баявых дзеяньняў. У машыне, акрамя жонкі, быў яшчэ яго сябра, які прыехаў у Кіеў за дзень да пачатку вайны — 23 лютага.
«Паліцыя, тэрытарыяльная абарона, вайскоўцы — яны ўсе вельмі насьцярожана ставяцца, — расказвае Андрэй. — На блёк-пастах асабліва. Гэта моцна адчуваецца. Але мы з разуменьнем ставімся. Гэта вайна, а зь беларускай тэрыторыі нападаюць. Шмат дывэрсантаў. Стараесься паставіць сябе на іх месца і падумаць, як бы ты рэагаваў. Ці быў бы ты белым і пухнатым?»
Андрэй расказвае, што з боку кіеўскіх сяброў ніякага нэгатыву па-ранейшаму не адчувае. Яны ўсё разумеюць. Выпадковыя знаёмыя ўкраінцы, якіх сустрэлі ў дарозе, таксама не праяўлялі агрэсіі. За апошнія 300 кілямэтраў, якія Андрэй разам з жонкай і сябрам праехалі ў бок заходняй украінскай мяжы, іх аўтамабіль спынялі 6 разоў. Праверкі працягваліся ад некалькіх дзясяткаў хвілін да паўтары гадзіны. Больш за ўсё людзей са зброяй цікавіў Андрэеў сябра, які ня меў дазволу на часовае жыхарства ва Ўкраіне.
«На адным з блёк-пастоў нас нават з дазволамі на часовае жыхарства доўга правяралі, — узгадвае Андрэй. — Я пасьля зьвязваўся зь іншымі беларусамі, якія спрабавалі там праехаць, то яны сказалі, што разварочвалі нават з такім дазволам. І яшчэ спрабавалі грошы ўзяць з усіх, хто меў беларускія пашпарты. Калі хто ня мае дазволу на жыхарства, то вельмі сур’ёзна „трасуць“, зь вялікім падазрэньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пачне Пуцін ядзерную вайну? Дыскусія экспэртаўАндрэй расказвае, што з боку вайскоўцаў і паліцыі адчуваўся безупынны ціск. Ён ня быў вельмі грубым, але да беларусаў ставіліся падазрона толькі таму, што яны маюць беларускія пашпарты.
«Былі правакацыйныя пытаньні, — расказвае Андрэй. — Накшталт: чаму вы ў сваю Беларусь не паехалі? А чаму ў Расею не паехалі, вы ж Пуціна любіце? Такога кшталту пытаньні. Я спрабаваў размаўляць зь людзьмі на блёк-пастах. Казаў, што нас спыняюць кожныя паўгадзіны, усе рэчы ў багажніку пераварочваюць. Мне адказвалі: што я, маўляў, хачу з такімі нумарамі?»
Андрэй дадае, што да ўсёй сытуацыі ставіцца з разуменьнем. Яму ўдалося выехаць з Украіны, зараз ён на тэрыторыі ЭЗ. І нават зьбіраецца вярнуцца ў Кіеў.
«Яны могуць пачаць страляць адразу»
Яўгену Малахоўскаму пашанцавала менш. Ён змог даехаць толькі да адной з заходніх абласьцей Украіны, спыніўся ў знаёмых. Як адтуль выехаць далей, Яўген пакуль ня вырашыў. Зь яго словаў, зь беларускімі нумарамі гэта можа быць небясьпечна.
«Яны могуць не разьбірацца і пачаць адразу страляць, — кажа беларус. — Тут зараз усе вельмі пільна сочаць за чужымі. Я разумею, чаму так адбываецца. Шмат хто ва Ўкраіне не разьбіраецца ў беларускай палітыцы, не разумее, хто мы і чаму тут знаходзімся. Яны разумеюць толькі тое, што цяпер адбываецца вакол іх. Стаўленьне да Беларусі, калі ім кажуць з усіх СМІ, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты, рэзка зьмянілася. На адным з блёк-пастоў я тлумачыў сваю гісторыю паўгадзіны і толькі пасьля гэтага мяне адпусьцілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскага на перамовах у Гомлі прадстаўляў былы беларускі журналіст, якога дэпартавалі за крытыку ЛукашэнкіЯўген таксама дадае, што вялікія праблемы ў беларусаў выклікала блякаваньне банкаўскіх рахункаў. Ягоны таксама заблякаваны. У панядзелак 28 лютага некаторыя грамадзяне Беларусі паспрабавалі зьняць грошы ў банкаўскіх аддзяленьнях з пашпартамі, але і гэта аказалася немагчыма.
«Намі ніхто не цікавіцца, — наракае Яўген. — Тым беларусам, якія змаглі неяк выехаць, якія дабраліся да мяжы, ім дапамагаюць, так. А тым, хто застаўся ва Украіне, ніхто. Ні з штабу Ціханоўскай, ні з НАК пытаньняў пра наш лёс не было. Ніхто не прапанаваў нам дапамогу. Гэта ня крытыка, гэта крык. Пра нас забываюць. І калі нешта здарыцца, то ніхто не дапаможа».