Да каманды Зяленскага Падаляк далучыўся ў пачатку 2020 году. Ён стаў дарадцам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака і «антыкрызісным мэнэджэрам», адказвае ў Офісе за інфармацыйную палітыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «На перамовах з Расеяй пакуль не ўдалося дасягнуць выніку»Працаваў у «Народнай волі» і «Правде Гайдукевича»
Падаляку 49 гадоў, яго дзяцінства прайшло ў Заходняй Украіне. З 17 гадоў ён жыў у Беларусі, скончыў Менскі мэдычны ўнівэрсытэт. Але прафэсійную дзейнасьць зьвязаў з журналістыкай. У 1991–1992 гадах Падаляк працаваў у беларускіх газэтах «FM-бульвар», «Время», «Народная воля», «Белорусская деловая газета», «Газета Андрея Климова» і «Правда Гайдукевича».
Праблемы Падаляка ў Беларусі пачаліся ў 2002 годзе. Менавіта ў сувязі зь ягоным артыкулам закрылі незалежную газэту «Наша свабода». На Падаляка і выданьне падаў у суд тагачасны кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Анатоль Тозік. У артыкуле гаварылася аб тым, што Лукашэнка «тармозіць разьвіцьцё расейска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва», а таксама аб няпростых адносінах Тозіка з генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам. Чыноўнік сьцьвярджаў, што журналіст выставіў яго інтрыганам і шантажыстам. Тозік выйграў суд. Газэта мусіла заплаціць 54 тысячы даляраў, а асабіста Падаляк — 2,7 тысячы. Выплаціць грошы яны не змаглі і выданьне закрылася.
18 гадоў таму сьцьвярджаў, што Лукашэнка канчаткова страціў магчымасьць дамовіцца з Расеяй
У 2004 годзе Падаляк прыняў удзел у перадачы Радыё Свабода пра магчымага наступніка Лукашэнкі і ролю Расеі ў працэсе трансфармацыі. Сярод пераемнікаў ён згадаў Анатоля Тозіка, назваўшы яго «сур’ёзнай фігурай, якая валодае інфармацыяй і мае вагу ў пэўных колах Расеі». Паводле Падаляка, увосень 2003 году Лукашэнка канчаткова страціў магчымасьць дамовіцца пра што б ні было з расейскім кіраўніцтвам, стаў «ізаляваным ад Расеі».
«На сёньня відавочна, што Расея гатовая сесьці за стол перамоваў з Эўропай, з амэрыканцамі і зь беларускай альтэрнатыўнай групай — гэта можа быць і апазыцыя, і намэнклятура». — сказаў Міхаіл Падаляк.
Дэпартацыя зь Беларусі
У тым жа годзе Міхаіл Падаляк працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара ў незалежнай газэце «Время», якую заснаваў памерлы нядаўна Павал Жук (ён жа быў і выдаўцом «Нашай свабоды». — РС). У красавіку 2004 году да Падаляка дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ, прапанавалі сабраць рэчы і суправадзілі на чыгуначны вакзал. Адтуль журналіста дэпартавалі ва Ўкраіну. Падаляк заявіў, што гэта была рэакцыя ўлады на яго вострыя артыкулы, а КДБ абвінаваціў яго ў тэндэнцыйнасьці, паклёпе і дэстабілізацыі ў краіне. Яго пазбавілі права наведваць Беларусь цягам пяці гадоў. Сам ён заявіў, што гэта адбылося з сувязі зь ягонай крытыкай Лукашэнкі.
У 2006 годзе Падаляк адкрыў ва Ўкраіне піяр-кампанію, якая кансультавала ў тым ліку і беларускіх палітыкаў. Пра гэта ён сказаў у адным зь інтэрвію, але не ўдакладніў, каго канкрэтна кансультаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Украіна кажа, што беларускія войскі рухаюцца да мяжы. Хроніка расейскай агрэсіі 28 лютагаНазываў Мілінкевіча «отбеливателем» Лукашэнкі
Часовае вяртаньне ў беларускую мэдыйную прастору Падаляка адбылося ў 2009 годзе, калі ў інтэрнэце зьявіўся артыкул «Отбеливатель М» пра нібыта лябісцкую ролю Аляксандра Мілінкевіча ў паляпшэньні вобразу Лукашэнкі. Падаляк сьцьвярджаў, што Эўропа прыдумала гульню, у выніку якой Мілінкевіч будзе ўключаны ва ўладу, а Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзыдэнцкі тэрмін.
«Мілінкевіч, хвацка надзьмутая мэдыйная бурбалка, абавязкова робіцца адзіным кандыдатам-дублёрам на чарговых выбарах (навошта Лукашэнку ганьбіцца, выстаўляючы карыкатурныя пэрсанажы накшталт незабыўнага Гайдукевіча С. В.). Атрымлівае свае гарантаваныя 20-25%, каб усё выглядала вельмі праўдападобна і пасьля выбараў, на якіх зноў жа трыюмфальна перамагае Лукашэнку, гарантуе сабе месца... віцэ-прэм’ера па гуманітарцы», — гаварылася ў артыкуле.
Абвінаваціў беларускую газэту ў прыдуманым інтэрвію зь ім
Бадай апошні раз у беларускіх СМІ пра Падаляка чулі ў 2010 годзе. У газэце «Свободные новости плюс» выйшла інтэрвію зь ім. У ім Падаляк хваліўся дарагой машынай і аховай, высокапастаўленымі знаёмымі ў расейскіх і ўкраінскіх спэцслужбах і казаў, што неразборлівы ў замоўцах — абы плацілі грошы. Аднак неўзабаве пасьля публікацыі ён заявіў, што не даваў інтэрвю беларускай газэце, назваўшы яго «прыдумкай» і «кампіляцыяй дзясяткаў прыватных размоваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што беларусы разам з расейцамі — неўязныя». Беларус хацеў дапамагаць украінцам бараніць краіну, але яго не пусьцілі