Ці гатовы Пуцін ужыць ядзерную зброю ў адказ на жорсткія санкцыі? Ці магчымы ядзерны ўдар Захаду па Беларусі ў адказ на расейскую атаку? Ці магчымы ядзерны ўдар Расеі па Ўкраіне?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць расейскі палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў і дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі.
Марозаў
- Зараз сытуацыю немагчыма апісваць у катэгорыях шантажу. Трэба ставіць пытаньне, што рабіць у адказ на магчымае выкарыстаньне Крамлём стратэгічных узбраеньняў.
- У Пуціна наперадзе толькі параза. А ён не прызвычаіўся да паразаў. Ён за час сваёй кар’еры іх і ня ведаў. Цар Мікалай І мог прызнаць паразу ў Крымскай вайне, цар Мікалай ІІ — у вайне зь Японіяй. Сумнеўна, што цяперашняе кіраўніцтва Расеі здольнае прыняць такое рашэньне. І таму сьвет стаіць перад небясьпечнай сытуацыяй.
- У заходніх сталіцах разумеюць небясьпеку сытуацыі і рыхтуюцца да горшага сцэнару. Гэты сцэнар — абмен ядзернымі ўдарамі, які прывядзе да перамоваў.
- Глябальная ядзерная вайна бачыцца малаімавернай. Але імаверна, што Пуцін выйдзе далёка за межы канвэнцыйнай вайны. Мяркую, што зараз на Захадзе абмяркоўваюць, у якой форме трэба аказваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.
- Калі тактычная ядзерная зброя будзе ўжытая ва Ўкраіне, Захадам гэта будзе ўспрынята як радыкалізацыя агрэсіі. Пуцін ужо зараз агрэсар. Я ўпэўнены, што на гэта будзе ваенны адказ незалежна ад таго, што Ўкраіна — не чалец NATO.
- Ужо зараз у кіраўніцтве NATO абмяркоўваецца варыянт закрыцьця неба над Украінай для расейскай баявой авіяцыі вайсковымі сродкамі.
- Намеры Захаду за апошнія дні зьмяніліся. Днямі Байдэн ці Макрон павінны патэлефанаваць Пуціну і вярнуць яму яго пытаньне на прэсавай канфэрэнцыі з Макронам: Дык што — NATO зьбіраецца ваяваць з Расеяй? Яго спытаюць: Дык што — Расея зьбіраецца ваяваць з NATO?
- Калі Пуцін ужыве ядзерную зброю, ніякіх перамоваў у традыцыйным фармаце зь ім ня будзе.
- Санкцыі, абвешчаныя супраць РФ, — гэта «эканамічная ядзерная зброя». Нават Нямеччына ўжо ўсьведамляе, што тут нельга спыніцца. Калі гэта так, то Пуцін ня мае выйсьця.
Сівіцкі
- З гледзішча расейскага кіраўніцтва канфлікт з Захадам пераходзіць у новую эскаляцыйную стадыю, якая прадугледжвае магчымасьць ядзернага канфлікту.
- Мне здаецца, што пакуль гэтыя крокі трэба разглядаць як ядзерны шантаж. Ва Ўкраіне правядзеньне расейскай спэцапэрацыі забуксавала. Празь некалькі дзён расейскае кіраўніцтва стане перад цяжкай дылемай: ці пагадзіцца на перамовы, і яны будуць не на ўмовах Крамля, ці пераходзіць да новага этапу эскаляцыі баявых дзеяньняў.
- Другі варыянт — гэта стратэгічны наступ, які прадугледжвае выкарыстаньне тактычнай ядзернай зброі. Канвэнцыйнымі сродкамі Расея ня можа дасягнуць палітычных мэтаў, агучаных Пуціным.
- Згодна з ваеннымі дактрынальнымі дакумэнтамі, калі існуе экзыстэнцыйная пагроза існаваньню расейскай дзяржавы з боку нават няядзернай дзяржавы, Крэмль можа выкарыстаць ядзерную зброю.
- Я мяркую, што Расея ня будзе рызыкаваць, наносячы тактычныя ядзерныя ўдары па краінах NATO, бо гэта будзе правакаваць ЗША і іх саюзьнікаў на ўдары ў адказ. Наўрад ці тут спрацуе стратэгія «эскаляцыя дзеля наступнай дээскаляцыі».
- Такія сцэнары вельмі актыўна разглядаліся ў 2014–2015 гадах, калі лічылася, што краіны Балтыі могуць стаць наступнымі. NATO зрабіла неабходныя высновы як з дактрынальных дакумэнтаў, якія прымалі ў Расеі, гэтак і з вучэньняў сілаў стрымліваньня. Паўночнаатлянтычны альянс падрыхтаваны да гэтага сцэнару.
- Рашэньне Пуціна наконт стратэгічных сілаў стрымліваньня — гэта элемэнт палітыкі шантажу з мэтай прымусіць Захад і Ўкраіну сесьці за стол перамоваў на расейскіх умовах.
- Калі мы разглядаем апакаліптычны сцэнар, які прадугледжвае ядзерны адказ на ўжываньне Расеяй ядзернай зброі, то Беларусь будзе разглядацца як адна зь першых мішэняў для ўдараў прынамсі канвэнцыйнай зброяй.
- Беларусь дэ-юрэ і дэ-факта ёсьць краінай-агрэсарам, бо дазволіла Расеі выкарыстаць сваю тэрыторыю для ўчыненьня ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
- На тэрыторыі Беларусі сёньня сканцэнтраваная даволі вялікая групоўка расейскіх войскаў, якая пры такім сцэнары хутчэй за ўсё будзе зьнішчаная.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.