Згодна з папярэднімі дадзенымі, удзел у рэфэрэндуме нібыта прыняў 5 359 471 чалавек, або 78,63% грамадзян Беларусі, уключаных у сьпісы для галасаваньня.
За ўнясеньне зьмен і дапаўненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 чалавек, ці 65,16% ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў. Супраць — 686 165 чалавек ці 10,07%, паведамляе БелТА.
Калі падлічваць вынікі галасаваньня ад колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, атрымліваецца, што зь іх «за» прагаласавала 82,85%, «супраць» — 12,8%, несапраўдных бюлетэняў — 4,35%.
На канстытуцыйным рэфэрэндуме 2004 году яўка склала 90,28%, галасы «за» ад тых, хто прыйшоў галасаваць — 87,97%, «супраць» — 10,97%, несапраўдныя бюлетэні — 1,06%.
Рэфэрэндум прайшоў без аўтарытэтных замежных назіральных місій і без незалежных беларускіх назіральнікаў. Выбарчыя камісія цалкам складаліся з прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый і ўстаноў.
27 лютага ў розных раёнах Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі лякальныя акцыі пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі.
Напярэдадні дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская заклікала суграмадзян к 14:00 прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і «актыўна выказаць пратэст супраць вайны».
Паводле праваабаронцаў, міліцыя схапіла ня менш як 500 чалавек, вядомыя іх прозьвішчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум-2022: беларусы выйшлі з пратэстам — 500 затрыманых. Хроніка дня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не — вайне!», «Слава Ўкраіне!» Як беларусы пратэставалі ў дзень рэфэрэндуму. ФОТАКанстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».