Што азначае «адмысловае баявое дзяжурства» і хто ў Расеі прымае рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі. Тлумачыць вайсковы экспэрт

Пускавыя ўстаноўкі расейскага ракетнага комплексу "Ярс"

Уладзімір Пуцін 27 лютага, на чацьвёрты дзень вайны з Украінай, загадаў прывесьці ў «адмысловы рэжым баявога дзяжурства» стратэгічныя сілы стрымліваньня расейскага войска

Да сілаў стрымліваньня належыць у тым ліку і ядзерная зброя. Што азначае гэты «адмысловы рэжым», чым гэта пагражае сьвету і як менавіта ў Расеі прымаецца рашэньне — згодна з дакумэнтамі і пратаколамі — аб ужываньні ядзернай зброі? Пра гэта ў эфіры «Настоящего времени» распавёў вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

— Неаднаразова гаварылася, што Ўладзімір Пуцін мае на мэце запалохваньне, аддаючы такія распараджэньні. Наколькі варта гэтага баяцца? Якія сілы зараз у распараджэньні расейскага прэзыдэнта? І чым гэта ўсё можа пагражаць?

— Я трошкі папраўлю: на баявым дзяжурстве расейскія сілы ядзернага стрымліваньня знаходзяцца ўвесь час, у рэжыме сталага дзяжурства. Найбольш значныя кампанэнты — гэта рухомыя грунтавыя ракетныя комплексы тыпу «Ярс», якія, перасоўваючыся па тэрыторыі Расеі, могуць з любой кропкі патруляваньня нанесьці ядзерны ўдар па зададзенай мэце. Другая важная кампанэнта — гэта падводныя лодкі з балістычнымі ядзернымі ракетамі, якія таксама знаходзяцца на баявым дзяжурстве ў зададзеных раёнах сусьветнага акіяну, і таксама ўвогуле прыстасаваныя для таго, каб ударыць па патэнцыйным праціўніку. Ну і трэцяя кампанэнта — гэта бамбавікі, стратэгічныя ракетаносцы «Ту-160» і «Ту-95М», якія нясуць на борце крылатыя ракеты Х-55 далёкасьцю 3500 кілямэтраў і Х-102 далёкасьцю больш за 5 тысяч кілямэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства

Дык вось, што зьмянілася: з пачаткам апэрацыі ва Ўкраіне ўсе рухомыя ракетныя комплексы выйшлі на маршруты баявога патруляваньня, гэта значыць у звычайным рэжыме частка зь іх адпачывала, праходзіла тэхнічнае абслугоўваньне, астатнія патрулявалі. Цяпер усе комплексы «Ярс» сышлі ў лясы на маршруты патруляваньня, усе тэхнічна гатовыя падводныя лодкі з ядзернымі ракетамі выйшлі ў акіян у раёны баявога дзяжурства. І што зьмянілася пасьля загаду Пуціна: гэта тое, што калі раней дзяжурства ажыцьцяўлялася з ракетамі без уведзенага палётнага заданьня — была такая дамоўленасьць з амэрыканцамі яшчэ ў пэрыяд разрадкі, што ракеты стаяць на дзяжурстве без уведзенага палётнага заданьня, дзе ўказаны канкрэтныя мэты.

Уладзімір Пуцін і Валер Герасімаў, начальнік генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі

Перад выкарыстаньнем у памяць бартавых лічбавых вылічальных машынаў боегаловак уводзяцца палётныя заданьні з указаньнем мэты. Дык вось, я мяркую, што зараз якраз палётныя заданьні ўведзеныя, і цяпер стратэгічныя комплексы дзяжураць ужо нацэленыя на пэўныя цэлі ў краінах NATO і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Наступная стадыя — гэта ўвядзеньне кодаў запуску ракетаў, ну і сам запуск ракетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: загад Пуціна аб павышэньні гатоўнасьці ядзерных сіл робіць сытуацыю нашмат больш небясьпечнай

— Аляксандр, я разумею, што вы вайсковы экспэрт, але вы вельмі спакойна кажаце пра тыя рэчы, якія асабіста мяне кідаюць проста ў жах. Хацела ў вас спытаць яшчэ дзьве рэчы. Першая: раскажыце, калі ласка, як у ядзернай дзяржаве прымаецца рашэньне аб тым, каб націснуць гэтую ўмоўную або вельмі канкрэтную чырвоную кнопку? Ці ёсьць нейкі канкрэтны ланцужок людзей, якія могуць Ўладзіміра Пуціна ад гэтага рашэньня спыніць, калі ён раптам чамусьці яго прыме. І другое пытаньне: куды далятаюць носьбіты расейскай ядзернай зброі?

— Існуе сыстэма папярэджаньня аб ракетным нападзе Расейскай Фэдэрацыі, якая мае касьмічны эшалён і наземны эшалён. Яе задача — вызначыць момант запуску амэрыканскіх ракетаў і адразу ж у адказ запусьціць свае. Ваеннай дактрынай Расейскай Фэдэрацыі прадугледжваецца, што ўсё ж такі ў асноўным гэта будзе ўдар у адказ, адбіцьцё агрэсіі. Калі дадзеныя, дапусьцім, касьмічнага эшалёну будуць пацьверджаныя дадзенымі радыёэлектроннай разьведкі, сыстэмамі радараў, то тады прапанова аб запуску ў адказ ракетаў паступіць вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Гэтае рашэньне ён прымае разам з начальнікам генэральнага штаба Расейскай Фэдэрацыі — гэта другая асоба, якая можа паўплываць на гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пачне Пуцін ядзерную вайну?