Дзяўчына кажа, што цяпер у Львове пакуль спакойна, працуюць прадуктовыя крамы і аптэкі, але ў іх вялікія чэргі, людзі разьбіраюць лекі першай неабходнасьці.
«Украіна вельмі падрыхтаваная. Ёсьць карты бамбасховішчаў. У Кіеве яно было проста ў маім двары. Перш чым пачынаецца атака, уключаецца сырэна і ты разумееш, што трэба хавацца.
У Кіеве было складаней: у першы і другі дзень крамы працавалі да 18 гадзін. Аптэкі таксама працавалі, але нельга было купіць бінты, абязбольвальныя, у першы дзень іх ужо не было. У Львове аптэкі працуюць, але да іх велізарныя чэргі на вуліцы. Прадуктовыя крамы працуюць нармальна», — кажа беларуска Аліна.
У Львове Аліне спатрэбілася мэдычная дапамога ў шпіталі: яна ўпала і пашкодзіла руку.
«Праз тое, што я беларуска і ваеннае становішча, гэта было даволі нялёгка. Кіраўнікі лякарні правяралі мае дакумэнты, аглядалі рэчы і толькі потым пусьцілі да лекара. Мне зрабілі здымак, агледзелі, забінтавалі акуратна руку і гэта ўсё бясплатна. Я спытала, ці магу я неяк ім падзякаваць. А лекар адказаў: «Калі хочаце нам дапамагчы, падтрымайце войска, ёсьць розныя фонды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баявы настрой — мы ж перамагаем!» — беларус, які браў удзел у начным баі за Васількоў«Мы зразумелі, што машыніст едзе па старым маршруце — да мяжы зь Беларусьсю»
Паездка з Кіева ў Львоў для дзяўчыны была няпростай.
«З Кіева можна выбрацца толькі на нейкім сваім транспарце або на цягніку. Учора цягнікі ў розных кірунках скасоўвалі і адпраўлялі ў Львоў, усе яны бясплатныя. Я з 10 раніцы стаяла на пэроне і спрабавала трапіць у цягнік, зьехала толькі гадзіны ў 3-4. У адзін з цягнікоў я не змагла ўлезьці, бо была цісканіна. Калі пад’ехаў цягнік, у людзей пачалася дзікая паніка, яны набіваліся ў вагоны, хтосьці бег па пэроне, у яго вылецелі шкляныя бутэлькі, якія я потым спрабавала сабраць, каб дзіця не звалілася, не паранілася аб аскепкі».
Аліна кажа, што на вакзале было вельмі шмат чарнаскурых іншаземцаў, як яна мяркуе, студэнтаў. Паводле Аліны, яны нахабна і жорстка сябе паводзілі, стваралі паніку і карысталіся сытуацыяй. Дзяўчына дадае, што праз гэта не магла трапіць у цягнік.
«Мне проста пашанцавала, бо правадніца сказала шэптам: „Не адыходзьце, мы вас забяром“. Іншаземцам было пляваць, што стаялі дзяўчаты, жанчыны зь дзецьмі, яны штурхалі правадніка. Паліцыі не хапала, бо на кожны ўваход па адным паліцыянце і сотня пасажыраў. Я стаяла каля вагону, і мяне натоўп ледзь не штурхнуў на рэйкі. Адну дзяўчыну мы зь іншымі жанчынамі трымалі ў паветры, бо натоўп ціснуў. А яшчэ ў гэтую шчыліну між вагонам і пэронам падалі валізкі. Людзі штурхаюцца, твая валізка падае і ты ня можаш яе дастаць, бо ня трапіш тады ў цягнік. А яшчэ замежнікі пачалі крычаць „push!“, каб іншыя мяне штурхалі. Я думала, што мне гамон будзе, жудасна. Хтосьці яшчэ крычаў, каб усе хаваліся, і калі людзі разьбягаліся, яны заскоквалі ў цягнік. І гэта страшна, бо калі будзе рэальная трывога, людзі не ўратуюцца».
25 лютага, з словаў Аліны, у Кіеве зьмянілі маршруты амаль усіх цягнікоў і накіравалі іх на Львоў.
«Мой ішоў з Херсону, машыніста папярэдзілі за гадзіну, што ён едзе ў Львоў. І вось празь некаторы час мы зразумелі, што машыніст едзе старым маршрутам на поўнач, да мяжы зь Беларусьсю. У выніку мы вярталіся назад, мянялі курс і замест 5 гадзін ехалі больш за 13. Няхай сабе я, але хтосьці ехаў зь дзецьмі, з жывёламі. І вось гэтыя хлопцы-іншаземцы сядзелі ў купэ, а я, дзеці, жанчыны сядзелі ў праходзе, некаторыя не змаглі празь іх трапіць у цягнік увогуле. Яны наагул не разумелі, што вайна і ўсе гэтыя людзі ратуюцца, хадзілі пастаянна цераз нас, каб выпіць кавы. Я пачала зь імі спрачацца, адзін зь іх пачаў пагражаць траўматам, але мяне падтрымалі іншыя жанчыны».
«Разам з украінцамі я адчуваю гонар»
Банкаўская картка Аліны заблякаваная — паводле рашэньня ўкраінскіх уладаў банкаўскія рахункі грамадзян Расеі і Беларусі ва ўкраінскіх банках ня дзейнічаюць. Дзяўчына кажа, што цяпер мае наяўныя, таму на першыя дні грошай хопіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забяру грошы, калі пераможам». Што беларусы думаюць пра блякаваньне іх рахункаў украінскімі банкамі«Я думаю, што наступны тыдзень тут правяду, бо не хачу, калі шчыра, зьяжджаць у Польшчу, не хачу нікуды ўцякаць. І разумею, што калі ўцяку, то проста падману сябе. Таму я цяпер у Львове, у сяброў, далей буду спрабаваць дзесьці спыніцца, скарыстаюся нейкай ініцыятывай, каб тут існаваць».
Дзяўчына кажа, што ў Львове і Кіеве людзі добра разумеюць, што адбываецца і што варта рабіць.
«Недалёка ад нашага дому хтосьці парасклейваў пазнакі для ракет, і хлопец з дзяўчынай хадзілі і зьдзіралі іх. Няма панікі ў самім горадзе, ёсьць разуменьне сытуацыі, што трэба рабіць. Напружаньне лунае ў паветры. Але ў Львове прынамсі пакуль яшчэ жыцьцё спакойнае, бо ў апошнюю ноч у Кіеве было цяжка, я прачыніла вакно на выпадак, калі будзе выносіць шкло ад удару ракет, каб яно не разрэзала мне твар. Я не хадзіла ў мэтро, потым суседзі сказалі, што там не было месцаў».
Беларуска кажа, што яна застаецца ва Ўкраіне, «бо разам з украінцамі адчуваю гонар. Нягледзячы на ўсе навіны, адчуваю абароненасьць. Тое, што цяпер робіць Зяленскі, выклікае ў мяне толькі павагу, і я адчуваю абарону, хоць я чужы чалавек у чужой краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, – меркаваньнеНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.