Шмат украінцаў пытаюцца ў сацсетках, чаму Беларусь дазволіла расейцам атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі і чаму беларусы не спынілі расейскіх танкаў. «У сытуацыі вайны гэтыя нюансы мала значаць, бо вам цяпер не да іх, але яны павінны прагучаць», — піша ў ФБ журналіст Дзьмітры Гурневіч.
- У Беларусі няма легітымнай улады як мінімум зь лістапада 2020 году (фактычна ад антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996). У Беларусі кіруе прамаскоўскі марыянэтачны рэжым, які ўжо нічога не вырашае.
- Абсалютная большасьць беларусаў супраць марыянэтачнага рэжыму. Гэта паказалі і пратэсты ў 2020 годзе, найбуйнейшыя ў Эўропе за апошнія дзясяткі гадоў. Беларусаў забівалі, білі, катавалі. Больш за тысячу людзей у турмах, каля 50 тысяч прайшлі праз рэпрэсіі. Пратэст пацярпеў паразу, бо Пуцін падтрымаў Лукашэнку і стаў яго адзінай гарантыяй. Пасьля гэтага ў краіне пачаўся тэрор, падобны на 1930-я гады. Гэта не літаратурны прыём, гэта аб'ектыўная рэальнасьць.
- У Беларусі сёньня пануе татальная атмасфэра фашызму. У турму можна трапіць за лайк, камэнтар, за неасьцярожнае слова. Гляджу відэа, як украінец у Мелітопалі ганіць расейскіх салдат і спакойна адыходзіць. І другі ўкраінец запісвае гэта на відэа. У Беларусі такое немагчыма ўжо паўтара года. Сілавыя структуры хапаюць за любое іншадумства, забаранілі нават арганізацыі арнітолягаў і аховы жывёлаў, бо нехта з гэтых арганізацый супраць рэжыму. Кожны дзень у Беларусі арыштоўваюць людзей, зьдзекуюцца зь іх. У такой атмасфэры арганізацыя супраціву займае шмат часу. Але гэтая праца ідзе.
- Гэты пункт, у прынцыпе, мае быць першым. Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Калі ўлада нелегітымная, то ніхто ня меў права дазваляць расейцам праход празь Беларусь. Пуцін захапіў Беларусь. Але ён дазваляе Лукашэнку называць сябе прэзыдэнтам незалежнай Беларусі.
- Беларусы ня толькі перажываюць за Ўкраіну і моляцца за яе. Беларусы зьбіраюць грошы для ўцекачоў, украінскай арміі, беларусы ёсьць ва ўкраінскай арміі. Беларус загінуў адным зь першых на Майдане, беларусы гінулі за Ўкраіну на вайне.
- Ці ёсьць у Беларусі тыя, хто за Расею? Так, ёсьць. Гэтаксама як і ва ўкраінскім Данбасе ёсьць украінцы, хто за ворага. Ці ёсьць тыя, хто за Лукашэнку? Ёсьць. Як і ва Ўкраіне, дзе ён доўгі час быў самым папулярным палітыкам.
- Беларусы ж, у якіх ёсьць галава і сумленьне, разумеюць, што без свабоднай Украіны ня будзе і нас.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.