Украінцаў, а цяпер гэта пераважна сталыя людзі і жанчыны з дзецьмі, бо мужчыны змабілізаваныя, сустракаюць з цягніка польскія ратавальнікі. Яны праводзяць іх да пункту прыёму. Там аказваюць юрыдычную, мэдычную дапамогу, бясплатна кормяць. Дзень і ноч на вакзале даюць гарбату, каву, гарачую ежу. Платную прыбіральню часова зрабілі бясплатнай.
Ілона з малымі дзецьмі дабіралася 12 гадзін са Львова да Перамышля (адлегласьць каля 100 км). Некаторыя людзі дабіраюцца і 17 гадзін. На мяжы вялізныя чэргі, да дваццаці кілямэтраў. Чэргі — як на аўтамабільны пераход, так і на пешы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага
«Спадзяюся, што Ўкраіна пераможа»
«Ужо і Львоў пачалі бамбіць. У людзей паніка, чэргі ўсюды. Мяжу цяжка прайсьці. Усе нашыя мужчыны засталіся дома, нават майго тату, ён інвалід, яму 56 гадоў, не пусьцілі празь мяжу. Але я думаю, што мы пераможам», — кажа Ілона.
Ля вакзалу стаіць Натальля зь дзецьмі, якім 8, 9 і 10 гадоў. Яна жыве ў Львоўскай вобласьці. «Пачалася паніка, мы забралі дзяцей і паехалі. Дома застаўся муж, тата. Мы стаялі на мяжы 15 гадзін — гэта на пешым пераходзе. У Польшчы прынялі надта добра. Падыходзяць палякі ўвесь час, прапаноўваюць ежу, розную дапамогу. Я спадзяюся, што Ўкраіна пераможа. Усе ж не паедуць за мяжу. Мы былі ў шоку, я ранкам 24 лютага зьбірала дзяцей у школу, і тут такое», — кажа Натальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: UEFA забрала ў Расеі права правесьці фінал Лігі чэмпіёнаўПункт прыёму ўкраінцаў арганізаваны і каля вёскі Мэдыка. Людзей забіраюць аўтобусы ад мяжы і вязуць у школу — там ім даюць харч і прытулак. Каля пункту прыёму — група беларусаў, якія ўцяклі ў Польшчу ад перасьледу. Яны намагаюцца арганізаваць транспарт, каб адвезьці ўкраінцаў у патрэбныя ім польскія гарады, шукаюць жытло, распрацоўваюць лягістыку.
«Я не была абыякавая да сытуацыі ў Беларусі, таму цяпер дапамагаю ўкраінцам»
Анастасія сама зь Менску. Выехала ў Польшчу пасьля перасьледу і Акрэсьціна. Цяпер яна на мяжы, каб сустракаць украінскіх уцекачоў і дапамагаць ім — арганізаваць праезд па Польшчы і жытло. «Мне не была абыякавая сытуацыя на маёй Радзіме, і цяпер я не абыякавая да Ўкраіны. Так ня можа быць у ХХІ стагодзьдзі. Прапаганда прамывае людзям мазгі. Таму праўда, лічу, за свабоднымі СМІ», — кажа Анастасія.
Разам зь беларусамі каля пункту пропуску ў Мэдыцы стаяць украінцы, якія жывуць у Польшчы і чакаюць сваіх родных, і палякі, якія прапаноўваюць дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У міністэрстве абароны Ўкраіны распавялі пра страты расейскіх вайскоўцаў«Мы вяртаемся дахаты, каб біць Путлера»
Са Львова, Кіева і Адэсы на вакзал у Перамышлі прыходзяць цягнікі. Прычым цяпер там едуць ня столькі пасажыраў, колькі месцаў, а ў 2-3 разы больш. Цягнікі спазьняюцца, бо ідуць з абмежаванай хуткасьцю з увагі магчымых абстрэлаў і прапускаюць эшалёны з вайсковай тэхнікай.
Тым часам на вакзале ў Перамышлі чакаюць цягніка на Кіеў украінцы, якія вырашылі вярнуцца дахаты.
Едзе дахаты ўкраінка Вольга. «Спачатку было шмат эмоцыяўя, нават плакалі. Цяпер мы ў баявым стане, гатовыя абараняць нашыя сем’і, нашу зямлю, дапамагаць мужчынам. Калі трэба — буду падаваць патроны, каб яны стралялі. Таму еду дахаты. Я не разумею — у сучасным сьвеце, калі ёсьць што есьці, піць — для чаго захопліваць чужыя землі?!» — кажа Вольга.
Вяртаюцца зь Нямеччыны, дзе працавалі, чацьвёра ўкраінцаў.
«Мы як пачулі — адразу кінулі працу, едзем дахаты. Як па-іншаму? Наш працадаўца нас не разумее, нават ня даў нам машыну, каб хутчэй даехаць. Нашых хлопцаў не адпускалі зь Фінляндыі, дык яны візы парвалі — каб толькі дахаты», — кажа жыхар Харкава Яраслаў.
Ягоны калега Генадзь — з Ровенскай вобласьці. «Пуцін напаў на Ўкраіну, як Гітлер на Судэты некалі. І тады, і цяпер Эўропа „ўміратварае“ агрэсара і не дапамагае нам. Яны не разумеюць, што, ня дай Бог, Украіна ўпадзе — наступнымі будуць Польшча і Літва з Латвіяй? Мы аддалі некалі ім траціну ядзернага патэнцыялу, атрымалі што? Паперкі і абяцаньні? Цяпер нам здрадзілі», — разважае Генадзь.
Ён кажа, што не лічыў і раней беларусаў братамі, цяпер — пагатоў. «На Чарнігаў, на Жытомір пайшлі расейскія танкі, паляцелі снарады зь Беларусі. Што казаць? Лукашэнка — марыянэтка Пуціна. Ён у 2020 годзе „захістаўся“, Пуцін яму дапамог — вось цяпер ён скача пад яго дудку. Для Пуціна і Лукашэнкі мы, украінцы, — пагроза. Бо ў нас вольнасьць, дэмакратыя, мы вольна зьмяняем уладу. Плюс яны хочуць стварыць імпэрыю. У Эўропе шмат кажуць пра лібэральныя каштоўнасьці, пра свабоду. Для іх гэта проста словы. А ўкраінцы паміраюць за гэтыя словы», — кажа Генадзь.
«Мы ня хочам вайны і ніколі не хацелі!»
Надзея жыве пада Львовам. У Польшчу яна прыехала, каб перадаць сваякам у Чэхію сваю дачку. Сама сёньня ж вяртаецца на радзіму. «Як я кіну ўсё? Там у мяне родныя людзі, там дом, шэсьць сабак, гэта мая радзіма, я паеду назад», — кажа Надзея.
Сьвятлана прыехала зь Віньніцы ў Польшчу зь дзецьмі, двума катамі і сабакам, які пасьля апэрацыі. Мужчынская палова засталася ва Ўкраіне — муж, тата.
Сьвятлана ня можа супакоіць сьлёз. «Мы ня хочам вайны і ніколі не хацелі! Мая сьвякроў сьмяялася, калі былі размовы пра вайну. Яна казала — ат, якая вайна можа быць у ХХІ стагодзьдзі! І вось так. Мы ледзьве ўцяклі, але колькі людзей, дзяцей там застаецца. Страшна. Пачалі на нас наступ і з Расеі, і зь Беларусі. Бо Беларусь пад Расеяй, пра што казаць», — кажа Сьвятлана.
Яна кіруецца ў пункт прыёму ўцекачоў, будзе вырашаць, куды ехаць далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шмат вайсковай тэхнікі пад Берасьцем. Фота са спадарожніка