Сэнатары Кангрэсу ЗША Крыс Кунз і Рычард Дурбін (Chris Coons, Richard «Dick» Durbin) 23 лютага наведалі Літву з афіцыйным візытам на фоне росту напружанасьці ў адносінах паміж ЗША і Расеяй. Яны пацьвердзілі, што NATO мае намер павялічваць вайсковую прысутнасьць у рэгіёне з прычыны дзеяньняў урадаў Расеі і Беларусі, а таксама што ЗША маюць намер узмацніць Літву эканамічна, павялічыўшы інвэстыцыі ў яе гаспадарку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская пагроза Ўкраіне і рэакцыя сьвету. Што адбывалася 23 лютагаАдказваючы на пытаньне Свабоды, сэнатар Дурбін адзначыў, што у апошнія месяцы Уладзімер Пуцін адсунуў Лукашэнку ўбок і той больш ня ёсьць цалкам самастойным палітыкам.
«Цяпер на беларускай зямлі прынамсі 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў, — сказаў сэнатар Дурбін. — Я асабіста надзвычай сур’ёзна заклапочаны будучыняй Беларусі як незалежнай і сувэрэннай дзяржавы. Апошнім часам адбыліся значныя зьмены, якія, на маю думку, нясуць пагрозу NATO і Літве ў прыватнасьці. На паперы яны [ўлады Беларусі. — РС] ўсё яшчэ незалежныя, і на паперы Лукашэнка ў кожны момант можа сказаць Пуціну сыходзіць. Але мы бачым падзеі апошніх дзён, калі зноў і зноў гаворыцца: «Так, расейскія войскі сыходзяць пасьля гэтых вучэньняў», а потым — «Не, яны не сыходзяць, яны застануцца на нейкі час».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з аргумэнтамі Пуціна і іншых на паседжаньні Савету бясьпекі РФ наконт «ЛНР» і «ДНР»? Праверым фактыСэнатар Дурбін таксама адзначыў, што мае кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і, як і яны, заклапочаны тым, што Беларусь цяпер можа сутыкнуцца з доўгім пэрыядам значна большага расейскага ўплыву.
«Давайце будзем шчырымі. Лукашэнка, апошні дыктатар Эўропы, баіцца, — дадаў сэнатар Крыс Кунз. — Баіцца ўласнага народу. Гэты страх спраўдзіўся, калі людзі выйшлі на вуліцы пасьля ягоных фальшывых выбараў. Пратэстоўцы заплацілі высокую цану. Мы пачулі, што колькасьць палітычных вязьняў вырасла ад 200 недзе год таму да больш чым 1000».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: на Дзядка ціснуць у калёніі; Кузьнечык даслаў верш; Івашына пакінулі пад вартайПаводле сэнатара Крыса Кунза, менавіта масавыя пратэсты восені 2020 году і страх перад апанэнтамі прымусіў Лукашэнку зьвярнуцца да Пуціна.
«Пуцін, відавочна, сказаў: я гарантую бясьпеку, калі ты адыдзеш убок, а будучыя рашэньні пра войскі буду прымаць я, — мяркуе сэнатар Кунз. — І вось цяпер мы ў гэтай сытуацыі — 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі, якія пагражаюць ня толькі Ўкраіне, але таксама і Польшчы, Літве, Латвіі... Думаю, што Лукашэнка ўжо не прымае канчатковых рашэньняў. Ён адчайна спрабуе выжыць, і ён перадаў гэтыя функцыі сваёй улады Ўладзіміру Пуціну».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.