«Штадлер Менск» адпраўляе ў прастой да верасьня 59 супрацоўнікаў зваркі, вынікае з дакумэнта, здымак якога апынуўся ў рэдакцыі Zerkalo.io. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі некалькі працаўнікоў прадпрыемства і прэс-служба.
У службовай запісцы начальнік зварачнай вытворчасьці Марсэль Фрай просіць дырэктара прадпрыемства «Штадлер Менск» Філіпа Брунэра з 1 сакавіка па 31 жніўня сёлета аб’явіць прастой 59 работнікаў цэха. Тлумачыцца гэта эпідэміялягічнай сытуацыяй, якая «прывяла да збою ў пастаўках матэрыялаў і камплектавых дэталяў», і «павелічэньнем колькасьці выпадкаў захворваньня на прадпрыемстве, якія нэгатыўна ўплываюць на вытворчы працэс».
Інфармацыю для Zerkalo.io пацьвердзілі некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства. Паводле аднаго з работнікаў зварачнага цэху, у прастой адпраўляюць прыкладна па 15 чалавек кожнай з чатырох зьменаў. Пасьля гэтага працаваць у аддзеле зваркі застануцца 180 чалавек.
«Тым, хто ў сьпісе, адразу сказалі, што яны больш не патрэбныя і могуць пісаць заяву „са згоды бакоў“. А калі не, то паўгода будуць атрымліваць 255 рублёў у месяц (2/3 акладу. — Рэд.) і застануцца на прастоі да заканчэньня кантракту», — падзяліўся дэталямі сытуацыі работнік заводу ў Фаніпалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь хацелі прыйсьці «Мэрсэдэс», «Філіпс», «Балтыка». Але не прыйшоў ніхтоНізкія выплаты зьвязаныя з тым, што асноўную частку заробку работнікаў прадпрыемства, паводле двух суразмоўцаў выданьня, складае прэмія. Калі аклад, як правіла, ніжэйшы за 400 рублёў, дык прэмія можа дасягаць мінімум некалькіх тысяч рублёў.
«„Штадлер Менск“ увесь мінулы год выконваў пабежныя замовы. Наперад нічога не было. Многія замоўцы адмаўляліся ад нашага падразьдзяленьня праз палітыку. Цяпер замовы зьявіліся. Але варыць кодабы павінны пачаць паводле пляну ў канцы жніўня — пачатку верасьня. Да таго моманту ў хлопцаў проста няма працы», — распавёў адзін з работнікаў.
У прэс-службе кампаніі «Штадлер Менск» пацьвердзілі, што такі дакумэнт сапраўды існуе, і, як у ім пазначана, пэўных работнікаў адпраўляюць у прастой «у сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй, складанасьцю з прычыны затрымак паставак матэрыялаў і камплектавых дэталяў». Ці плянуюць працягваць кантракты працаўнікам у прастоі, у кампаніі камэнтаваць ня сталі.