Санкцыі Канады абвясьціў прэм‘ер-міністар Джастын Трудо. Яны ўключаюць:
- абмежаваньні ў дачыненьні дэпутатаў Дзярждумы РФ, якія галасавалі за прызнаньне незалежнасьці самаабвешчаных рэспублік;
- забарону для канадцаў на любыя ўгоды на тэрыторыях так званых «ДНР» і «ЛНР»;
- забарону на простыя і ўскосныя угоды, зьвязаныя з сувэрэнным доўгам Расеі;
- санкцыі супраць двух буйных расейскіх банкаў.
У дадатак Канада накіруе дадатковыя вайсковыя сілы для ўмацаваньня абароназдольнасьці NATO ў Эўропе: 460 вайскоўцаў у дадатак да 800, якія ўжо ёсьць на кантынэнце, пры неабходнасьці залучаць яшчэ 3400 чалавек. У Латвію накіруюць артылерыйскія ўзбраеньні. Таксама ў Эўропу пашлюць яшчэ адзін марскі фрэгат, перададуць пад камандаваньне NATO патрульны самалёт далёкага дзеяньня СР-140 Aurora.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці санкцыі супраць расейскіх дэпутатаў і бізнэсуПрэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан, анансуючы санкцыі, заявіў NBC News, што ў ягонай дзяржаве гэтая акцыя супраць Расеі толькі пачынаецца — наперадзе куды больш сур’ёзныя захады. «Аўстралійцы заўсёды супрацьстаяць „хуліганам“, а мы будзем супрацьстаяць Расеі разам з усімі нашымі партнэрамі. Я чакаю наступных санкцыяў, гэта толькі пачатак працэсу».
Санкцыі Аўстраліі на гэты момант:
- адрасныя фінансавыя санкцыі і забарона на ўезд для васьмі чальцоў Савету бясьпекі Расеі;
- санкцыі непасрэдна супраць «ДНР» і «ЛНР», якія закрануць транспарт, энэргетыку, тэлекамунікацыі, нафту, газ, карысныя выкапні, некалькі расейскіх банкаў.
Прэм’ер-міністар Японіі Фуміё Кісіда таксама заявіў пра санкцыі супраць Масквы, паведамляе Reuters. Японія забараняе:
- выдачу візаў асобам, зьвязаным з самаабвешчанымі «рэспублікамі»;
- замарожвае актывы людзей, зьвязаных з «ЛДНР»;
- забараняе экспарт і імпарт паміж Японіяй і самаабвешчанымі тэрыторыямі;
- забараняе абарачэньне расейскіх аблігацыяў у Японіі.