Генэральная пракуратура Казахстану прызнала, што 6 затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў памерлі празь «недазволеныя мэтады дазнаньня»

Актывіст Абай Еракенаў праводзіць адзіночны пікет каля манумэнту «Зара свабоды» за правы чалавека, супраць рэпрэсіяў і катаваньняў. Алматы, 15 лютага 2022 г.

Шасьцёра затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў у Казахстане памерлі ў ізалятарах часовага ўтрыманьня празь «недазволеныя мэтады дазнаньня».

Пра гэта паведамляе «Казахстанская праўда», спаслаўшыся на кіраўніка Генэральнай пракуратуры Казахстану Рызабека Ажарава.

Паводле яго, «літаральна днямі» спэцпракуроры прынялі да вядзеньня крымінальныя справы па фактах стасаваньня «недазволеных мэтадаў дазнаньня» — ня ўсіх, а толькі выпадкаў, калі затрыманыя памерлі. Паводле Ажарава, загінулі два чалавекі ў ІЧУ Алматы, трое — ва Ўсходне-Казахстанскай вобласьці і адзін чалавек у Талдыкаргане.

«Таксама мы ўзялі рэзанансавую справу аб катаваньнях прасам яшчэ аднаго жыхара Талдыкаргану, якога дагэтуль трымаюць у сьледчым ізалятары», — паведаміў кіраўнік пракуратуры.

Ён дадаў, што расьсьледаваньні гэтых фактаў працягваюцца. «Магу сказаць, што масавага характару такія злачынствы ня маюць», — заявіў пракурор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мітынгу ў Казахстане ў памяць аб загінулых на пачатку году заклікалі абвясьціць імпічмэнт Такаеву

На мінулым тыдні Генэральная пракуратура Казахстану заяўляла, што ў ведамства паступілі 363 скаргі на «недазволеныя мэтады сьледзтва» і катаваньні затрыманых на студзеньскіх пратэстах. Аднак пасьля гэтага кіраўнік камітэту крымінальна-выканаўчай сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў Жанат Ешмагамбетаў заявіў, што паведамленьні аб катаваньнях «не адпавядаюць рэчаіснасьці».

«Распаўсюджваецца, шчыра кажучы, вар’яцкае фэйкавае паведамленьне аб стварэньні ў сьледчым ізалятары гораду Алматы „катавальных камэраў“ у стылі сярэднявечнай інквізыцыі. Хачу запэўніць, такога няма і быць ня можа», — прыводзіць словы чыноўніка казаская служба Радыё Свабода.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў пасьля гэтага даў інтэрвію, у якім заявіў: «Людзі распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, што мы затрымліваем невінаватых. Мы не павінны забываць, што сярод іх ёсьць тэрарысты і злачынцы. Тысячы людзей выйшлі граміць горад, учынялі тэракты, а потым раптам усе аказаліся мірнымі грамадзянамі? Хіба можна паверыць у гэта?»

Падчас і пасьля студзеньскіх падзеяў у Казахстане затрыманыя тысячы людзей, сотні зьмешчаныя пад варту як падазраваныя ў тэрарызьме, масавых беспарадках, крадзяжы зброі ды іншых злачынствах. Многія арыштаваныя заявілі аб катаваньнях і нанесеных калецтвах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казаскі апазыцыянэр праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму з Украіны, і яго затрымалі ў аэрапорце
  • Паводле афіцыйных зьвестак, падчас студзеньскіх падзеяў загінулі ня менш за 227 чалавек. Улады Казахстану не апублікавалі імёнаў загінулых і адпрэчылі заклікі праваабаронцаў правесьці міжнароднае расьсьледаваньне. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што абвешчаныя ўрадам Казахстану меры пасьля трагічных студзеньскіх падзеяў «далёкія ад неабходнага незалежнага расьсьледаваньня».
  • Беларускія праваабаронцы, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі ў Беларусі сотні выпадкаў катаваньня асобаў, якія выказалі сваю палітычную пазыцыю ў жніўні 2020 году і пазьней. Ніводную справу па фактах катаваньняў ні органы пракуратуры, ні Сьледчы камітэт не распачалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адных пляменьнікаў мяняюць на іншых». Палітоляг пра кадравыя перастаноўкі ў Казахстане
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты парлямэнтаў 16 эўрапейскіх краін падпісалі супольны ліст з заклікам спыніць катаваньні ў беларускіх турмах