Францыя заявіла аб непрызнаньні рэфэрэндуму ў Беларусі, чакаецца супольнае рашэньне Эўразьвязу

Спэцыяльны прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаньнях Беларусі Нікаля дэ Лякост

23 лютага — другі дзень датэрміновага галасаваньня на рэфэрэндуме ў Беларусі. Францыя заявіла, што ёй відавочныя фальсыфікацыі, якія пачаліся з самага пачатку працэсу.

Спэцыяльны прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаньнях Беларусі Нікаля дэ Лякост на сустрэчы з кіраўніком беларускага Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўлам Латушкам падкрэсьліў, што «Францыя не прызнае рэфэрэндуму, які пачаўся ў Беларусі».

Спэцпрадстаўнік МЗС Францыі таксама пацьвердзіў пазыцыю ўраду гэтай краіны, што Францыя не прызнае Лукашэнку ў якасьці легітымнага кіраўніка Беларусі, адпаведна, ня маюць сілы пагадненьні, падпісаныя ім.

Таксама Нікаля дэ Лякост адзначыў, што захаваньне незалежнасьці Беларусі зьяўляецца найважнейшым фактарам для захаваньня незалежнасьці Ўкраіны, а прысутнасьць узброеных сіл Расеі на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца пагрозай сувэрэнітэту Беларусі, а таксама дэстабілізуе сытуацыю ў рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія парушэньні зафіксавалі праваабаронцы ў першы дзень датэрміновага галасаваньня

Францыя цяпер выконвае функцыі старшынства ў Эўрапейскім зьвязе. Пытаньне непрызнаньня беларускага рэфэрэндуму вынесьлі на парадак дня ў Эўразьвязе, чакаецца супольнае рашэньне.

Эўразьвяз ня стаў накіроўваць у Беларусь місію для назіраньня за галасаваньнем, піша Deutsche Welle. Афіцыйны прадстаўнік ЭЗ у замежнапалітычных пытаньнях Пэтэр Стана акрэсьліў пазыцыю Брусэля.

«Лукашэнка прыгнятае свой народ, таму ён не кампэтэнтны прымаць якія-небудзь рашэньні ад імя Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыталася прозьвішчы чальцоў камісіі — сказалі, што я ім пагражаю». Як назіральніцу пазбавілі акрэдытацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратыўны штаб дэмакратычных сілаў агучыў плян на рэфэрэндум

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».