Маці Мікіты расказала Свабодзе, што пасылку для яго супрацоўнікі турмы не забіралі на пошце цягам двух тыдняў.
Першыя 10 дзён Мікіта правёў на «сухім» галадаваньні. Калі яму стала зусім блага, пачаў піць ваду. Апошняя інфармацыя пра яго была вядомая на 16 лютага. Тады ён усё яшчэ адмаўляўся ад яды, моцна схуднеў.
Ці галадуе Мікіта далей, невядома. Сувязь зь ім адсутнічае. Калі так, то 23 лютага ідзе 21-ы дзень галадоўкі.
У гэты дзень адвакат Емяльянава меўся наведаць яго ў турме і спраўдзіць ягоны стан. Але сувязь з адвакатам адсутнічае з 22 лютага, расказала маці Настасься Емяльянава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён пайшоў на адкрыты канфлікт з адміністрацыяй турмы», — маці пра Мікіту Емяльянава, які галадае 19 дзёнТаксама яна паведаміла пра дзіўную сытуацыю з 50-кіляграмовай пасылкай для сына, якая яму належыць па законе. Сям’я адправіла пасылку 8 лютага, 10 лютага яна паступіла ў патрэбнае паштовае аддзяленьне Магілёва. Аднак супрацоўнікі турмы забралі яе толькі амаль праз 2 тыдні, 23 лютага. Пра гэта маці даведалася на сайце Белпошты, калі адсочвала пасылку па трэк-кодзе.
«Звычайна пасылкі з гэтага паштовага аддзяленьня турэмнікі не забіраюць 3-5 дзён пасьля паступленьня», — адзначыла Настасься Емельянава.
На пошце патлумачылі, што некалькі разоў пасылалі ў турму апавяшчэньні, каб забралі пасылку.
Мікіту да 23 лютага пакаралі карцарам. Пакуль ён у карцары, яму асабіста ня могуць перадаць ні пасылкі, ні перадач, ні лістоў. Агулам Емяльянаў правёў у карцары запар 38 дзён, а за ўвесь свой тэрмін за кратамі — амаль 5 месяцаў у суме.
Настасься Емяльянава напісала скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Магілёўскай вобласьці наконт катаваньняў у дачыненьні да Мікіты, пазьней — у вышэйшыя інстанцыі. Аднак адказу дагэтуль ня мае.
Мікіту Емяльянаву 21 год. Ён былы студэнт БНТУ. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2019 году за акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Ён атрымаў 4 гады калёніі, летась яго перавялі на больш жорсткі рэжым у магілёўскую турму.
Емяльянава часта караюць карцарам або штрафным ізалятарам, за ўвесь тэрмін — амаль 5 месяцаў. 3 лютага ён пачаў другую доўгую галадоўку. Першую трымаў увосень 2021 году, каб да яго пусьцілі сьвятара. Урэшце яго двойчы наведаў каталіцкі біскуп.
Ягонага паплечніка Івана Комара выпусьцілі на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні раней за канец тэрміну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч спыніў галадоўку ў СІЗА і сказаў адвакату: «Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца»