Байдэн даручыў міністру абароны Лойду Остыну перакінуць сілы ў зону апэрацый Эўрапейскага камандаваньня ЗША ў краінах Балтыі, Польшчы і на паўднёва-ўсходні флянг NATO.
Сілы будуць перакінутыя цягам тыдня, паведамілі прадстаўнікі Міністэрства абароны.
Разгортваньню папярэднічалі новае ўварваньне Расеі ва ўсходнюю Ўкраіну і мабілізацыя расейскіх сілаў каля межаў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пачатак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну». Байдэн абвясьціў пра санкцыі супраць РасеіОстын загадаў перакінуць з Італіі ў краіны Балтыі апэратыўную групу пяхотнага батальёна колькасьцю каля 800 вайскоўцаў.
Ён таксама ўхваліў перадысьлякацыю да васьмі самалётаў F-35 Lightning II зь Нямеччыны на апэратыўныя базы на ўсходнім флянгу NATO.
Дваццаць ударных верталётаў AH-64 Apache таксама будуць перакінутыя зь Нямеччыны ў краіны Балтыі, а 12 верталётаў Apache — з Грэцыі ў Польшчу.
«Гэты дадатковы асабовы склад перадысьлякуецца, каб дадаць упэўненасьці нашым саюзьнікам у NATO, стрымаць любую патэнцыйную агрэсію супраць краін – сяброў NATO і праводзіць сумесную падрыхтоўку зь сіламі краіны, якая прымае (гэты склад. — РС)», — гаворыцца ў пісьмовай заяве прадстаўнікоў міністэрства абароны, якую цытуе «Голас Амэрыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы дазволіў разьмясьціць 7,5 тысячы замежных салдат у краінеПаводле афіцыйных асобаў, перадысьлякацыя носіць часовы характар.
«Голас Амэрыкі» адзначае, што гэта ня першыя захады, закліканыя супакоіць дзяржавы, разьмешчаныя на межах NATO.
ЗША перакінулі зь Нямеччыны ў Румынію тысячу салдат з эскадрону, абсталяванага бронемашынамі Stryker.
Пяхотная брыгада 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі будзе перакінута ў Польшчу з Форт-Брэга ў Паўночнай Караліне.
Роты, абсталяваныя бронемашынамі Stryker, разгорнуць у Вугоршчыне і Баўгарыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO: Расея працягвае плянаваць напад на ЎкраінуАкрамя таго, Остын загадаў прывесьці 8500 вайскоўцаў у стан павышанай гатоўнасьці на выпадак, калі NATO задзейнічае свае Сілы хуткага рэагаваньня.
Агулам у Эўропе знаходзяцца каля 90 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.
Нямеччына можа адправіць дадатковыя войскі ў Літву і іншыя краіны на ўсходнім флянгу NATO, заявіла міністар абароны Нямеччыны Крыстынэ Ламбрэхт.
«Відавочна, што нам трэба ўжываць больш жорсткія меры стрымліваньня», — заявіла Ламбрэхт на сумеснай прэс-канферэнцыі зь яе літоўскім калегам на вайсковай базе Рукла ў Літве.
Нямецкія вайскоўцы складаюць каля паловы баявой групы NATO ў Літве, у якую ўваходзяць яшчэ вайскоўцы з Бэльгіі, Чэхіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў і Нарвэгіі.
Магчымыя падмацаваньні, на якія намякнула Ламбрэхт, стануць дадаткам да 360 нямецкіх вайскоўцаў, якія паступаюць у склад баявой групы. Тым часам Нарвэгія абвясьціла аб плянах павялічыць свой удзел на 50–60 вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік беларускага генштабу: «Расейскія войскі вернуцца дадому тады, калі ў гэтым зьявіцца аб’ектыўная неабходнасьць»Акрамя таго, Лёндан накіроўвае 800 вайскоўцаў у баявую групу NATO ў Эстоніі, у якой Вялікая Брытанія адыгрывае асноўную ролю.
Пасьля гэтых і іншых чаканых падмацаваньняў сілы NATO ў Літве, Латвіі і Эстоніі амаль падвояцца і перавысяць 6 тысяч чалавек у трох баявых групах у кожнай краіне.
У пачатку году колькасьць войскаў NATO ў гэтых трох краінах складала каля 3400 чалавек.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.