23 лютага Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла, што за два дні датэрміновага галасаваньня на рэфэрэндуме яўка грамадзян склала 14,53%.
27 лютага — дзень асноўнага галасаваньня на рэфэрэндуме, але датэрміновае галасаваньне пачалося 22 лютага, і праваабаронцы ўжо зафіксавалі шэраг парушэньняў.
У Зэльве кабінкі для галасаваньня стаяць так, каб былі відаць усе дзеяньні выбарнікаў. На кабінцы няма пярэдняй фіранкі.
На менскай «хіміі» — у ПУАТ № 55 — асуджаных прымушалі галасаваць датэрмінова. Усяго на гэтай «хіміі» адбываюць свае тэрміны 13 палітвязьняў.
За скаргі на парушэньні падчас рэфэрэндуму назіральніка зь Віцебску выклікалі ў пракуратуру на «прафіляктычную гутарку».
Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на рэфэрэндум ад партыі «Справядлівы сьвет». Калі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня ён наведаў выбарчыя ўчасткі ў Чыгуначным раёне гораду, то адразу заўважыў парушэньні: ня вывесілі сьпісы чальцоў выбарчых камісіяў, а скрыні для бюлетэняў апячатаныя так, што пралазіць кулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыталася прозьвішчы чальцоў камісіі — сказалі, што я ім пагражаю». Як назіральніцу пазбавілі акрэдытацыіПакуль мужчына пісаў скаргі ў акруговую камісію ды пракуратуру, яму паведамілі, што назіраць за выбарчым працэсам ён ня зможа. Галоўная прычына — каранавірус. Калі назіральнік вярнуўся дадому, то яго выклікалі ў пракуратуру.
Таксама праваабаронцы фіксуюць заахвочваньне да датэрміновага галасаваньня ў шэрагу ўстановаў:
- Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт — студэнтам абяцаюць чатыры выходныя, іх здымаюць з заняткаў і прымушаюць ісьці на ўчастак. З словаў навучэнцаў, «адмова не прымаецца»;
- БНТУ — студэнтам абяцаюць выходныя з 25 па 28 лютага, калі абсалютна ўся група прагаласуе датэрмінова. З словаў іншага навучэнца, «ходзяць па інтэрнаце і пагражаюць высяленьнем».
- «Гродна Азот» — гатовыя адпусьціць на дзьве гадзіны раней, калі прагаласуеш датэрмінова. Тых, хто прапісаны і жыве ў інтэрнатах, просяць больш настойліва;
- Берасьцейская дзіцячая абласная лякарня — галоўны доктар «настойліва раіць прагаласаваць датэрмінова» і нават дазваляе схадзіць на ўчастак у працоўны час;
- Віцебская акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны — «адпраўляюць па 15 чалавек на ўчастак зь лекцыі», а потым у якасьці ўзнагароды тых, хто прагаласаваў, адпускаюць дадому.
- БДМУ — студэнтам абяцаюць выходны ў пятніцу, калі прагаласаваць датэрмінова.
Першы жыхар вёскі Старая Беліца Гомельскага раёну, які прыйшоў на датэрміновае галасаваньне, атрымаў у падарунак маласольныя агуркі.
Газэта «Вечерний Минск» падказвае чытачам, як галасаваць. 250 тысяч экзэмпляраў газэты жыхары Менску атрымалі бясплатна ў паштовыя скрыні. На тытульнай старонцы проста напісана «Скажи своё „да“».
Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».