Падабенствы:
1. Прысутнасьць расейскіх войскаў
* Рэфэрэндум у Крыме ў сакавіку 2014 году адбываўся пасьля таго, як украінскую тэрыторыю паўвострава ўзялі пад кантроль расейскія войскі.
* У Беларусі сёлета зь 10 па 20 лютага адбываліся расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022». Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Уладзімер Макей абяцалі, што ўсе расейскія войскі выйдуць зь Беларусі пасьля вучэньняў.
Аднак урэшце міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, падводзячы вынікі вучэньняў, заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем вайсковай актыўнасьці каля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сілаў рэагаваньня саюзнай дзяржавы».
Пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі генэрал-маёр Віктар Гулевіч на сустрэчы з вайсковымі аташэ заявіў, што падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дысьлякацыі толькі тады, калі ў гэтым «зьявіцца аб’ектыўная неабходнасьць».
А раніцай 24 лютага Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што расейскія войскі атакавалі мяжу Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага2. Праблема з законнасьцю і легітымнасьцю
* Рэфэрэндум 2014 году ў Крыме пярэчыў украінскаму заканадаўству, якое прадпісвае вырашаць тэрытарыяльныя пытаньні толькі на ўсеўкраінскім рэфэрэндуме і не прадугледжвае рэгіянальных рэфэрэндумаў.
* Сёлетні рэфэрэндум у Беларусі быў абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам, які ўтрымаў уладу пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году. Улады Беларусі задушылі гвалтам масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыяў, зьняволілі тысячы людзей, а краіны Захаду адмовіліся прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі.
3. Выбар з двух праблемных варыянтаў
І ў Крыме ў 2014 годзе, і ў Беларусі сёлета ў бюлетэнях прапанавалі два варыянты адказу, але абодва выглядаюць непрывабнымі для мноства выбарнікаў.
* У Крыме варыянты адказаў былі наступныя:
– «Вы за ўзьяднаньне Крыму з Расеяй на правах субʼекту Расейскай Фэдэрацыі?»
– «Вы за аднаўленьне дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 году і за статус Крыму як часткі Ўкраіны?»
Варыянт захаваць дзеяньне тагачасных законаў Украіны нават не прапаноўвалі. Канстытуцыя 1992 году вызначала Крым як незалежную дзяржаву, якая ўваходзіць ва Ўкраіну «на падставе дамоваў і пагадненьняў». Украіна не прызнала гэтай Канстытуцыі і вакол яе ішлі спрэчкі да 1998 году, калі крымскія і цэнтральныя ўлады нарэшце дамовіліся пра кампрамісны варыянт. Новая рэдакцыя крымскай Канстытуцыі набыла моц на пачатку 1999 году.
* У Беларусі ў 2022 годзе на рэфэрэндум вынесьлі пытаньне «Ці прымаеце вы зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»
Пры гэтым людзям прапануюць выбраць паміж цяперашняй Канстытуцыяй, якая была прынятая з парушэньнямі закону ў 1996 годзе, дае Лукашэнку амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы і якую апазыцыя крытыкуе шмат гадоў, і новым варыянтам, які дае вялікія паўнамоцтвы «ўсебеларускаму народнаму сходу». Але дагэтуль няма закону, які б вызначаў, хто і як выбірае «ўсебеларускі народны сход».
Да таго ж, паводле новага праекту, «у мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць выбраны старшынём Усебеларускага народнага сходу». Гэта фактычны намёк на тое, што Лукашэнка будзе сумяшчаць новую пасаду з пасадай прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што прапануюць рабіць падчас рэфэрэндуму плятформы «Голас», «Зубар» і «Честные люди»?4. Аднабокая кампанія:
* Падчас рэфэрэндуму ў Крыме адбывалася амаль выключна прарасейская агітацыя: у Крыме паставілі шмат білбордаў, на якіх паўвостраву ў колерах сьцяга Расеі супрацьпастаўляўся крывава-чырвоны Крым за чорнымі кратамі і з чорнай свастыкай у цэнтры.
Крымскія ўлады актыўна заклікалі насельніцтва галасаваць за далучэньне да Расеі, сьцьвярджаючы, што далейшае знаходжаньне Крыму ў складзе Ўкраіны «пагражае крымчанам самым літаральным фізычным зьнішчэньнем». На тэрыторыі Крыму спынілі трансьляцыю ўсіх тэлевізійных каналаў Украіны (а таксама часткі кабэльных каналаў), замест іх трансьлявалі расейскія тэлеканалы.
* Падчас сёлетняга рэфэрэндуму ў Беларусі ў дзяржаўных мэдыя ідзе выключна агітацыя за новы праект Канстытуцыі. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што заклікі апазыцыі да байкоту і да выкрэсьліваньня абодвух варыянтаў адказу ў бюлетэнях ёсьць «дэструктыўнай дзейнасьцю».
У студзені пракуратура санкцыянавала два месяцы арышту 68-гадовага Мікалая Віцікава зь Церухі Гомельскага раёну. Ён стаў падазраваным у крымінальнай справе аб «распальваньні варожасьці». Пэнсіянэр трапіў за краты пасьля таго, як аднёс у раённую газэту «Маяк» ліст з прапановамі аб зьменах у Канстытуцыю.
5. Адсутнасьць назіральнікаў АБСЭ
* Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) адмовілася пасылаць назіральнікаў на крымскі рэфэрэндум 2014 году ў сувязі з бракам запрашэньня ад уладаў Украіны. З краінаў Эўразьвязу на рэфэрэндум прыехалі прадстаўнікі крайне правых і крайне левых партыяў, якія падтрымлівалі палітыку кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна.
* У 2022 годзе ўлады Беларусі самі адмовіліся запрашаць назіральнікаў ад АБСЭ. Міністар замежных справаў Уладзімер Макей патлумачыў гэта тым, што прадстаўнікі АБСЭ ня выказалі ў гэтым зацікаўленасьці.
Ён дадаў, што «выніковыя даклады гэтых арганізацыяў аб выбарах і рэфэрэндумах пішуцца загадзя і максымальна палітызаваныя».
Адрозьненьне:
* На рэфэрэндуме 2014 году ў Крыме бюлетэні былі надрукаваныя на трох мовах – расейскай, украінскай і крымскататарскай.
* Бюлетэнь рэфэрэндуму-2022 у Беларусі надрукавалі выключна на расейскай мове.